Да Дня аўтамабіліста і дарожніка
-
Дарога будзе добрай!
-
Нават сёння ў наш высокатэхналагічны век асабістае аўто мае далёка не кожны. І мы ідзем на прыпынак грамадскага транспарту – каб з дапамогай маршрутнага таксі ці аўтобуса хутка і танна дабрацца да месца прызначэння.
Гісторыя філіяла “Аўтамабільны парк №16 г. Кобрына” ААТ “Брэстаблаўтатранс”, які сёння дае нам такую магчымасць, пачалася ў далёкім 1955 годзе, калі на базе ДЭУ-852 была створана аўтатранспартная кантора. І было ў той час на прадпрыемстве ўсяго толькі 20 аўтамабіляў-двухтонак ГАЗ-51 і 30 чалавек персаналу… Сёння ў аўтапарку, які абслугоўвае 15 гарадскіх і 36 прыгарадных маршрутаў, ужо 66 аўтобусаў і 36 грузавых аўтамабіляў – а агульная колькасць калектыву складае 331 чалавек. Штогод абнаўляецца матэрыяльная база – толькі ў гэтым годзе было спісана 5 старых аўтобусаў. На іх месца прыйшлі два “МАЗ-103” – тыя самыя, што ўжо даўно спадабаліся пасажырам – камфартабельныя, з нізкай падлогай і магчымасцю нахіляцца амаль да самай зямлі, каб аблегчыць пасадку, напрыклад, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і 3 невялікія, але вельмі сімпатычныя “Радзімічы”, якія вырабляюцца на Гомельшчыне і, як правіла, выкарыстоўваюцца на так званых “экспрэсных” маршрутах.

-
Але, як вядома, аўтарытэт прадпрыемства залежыць не толькі ад стану тэхнікі. Аснову яго складаюць людзі – сапраўдныя прафесіяналы, ад якіх у канчатковым выніку залежыць і камфорт перавозак, і дакладны рух на маршрутах.
Адзін з такіх людзей – Мікалай Касянчук, які працуе на прадпрыемстве ўжо 18 з паловай гадоў. Дарэчы, яго “экспрэсны” маршрут “1-Э” добра вядомы і мне – менавіта на ім звычайна дабіраюся на работу. І не аднойчы даводзілася чуць пра работу Мікалая Савіча прыемныя водзывы ад пасажыраў – маўляў, і ездзіць хутка ды акуратна, і пачакаць можа крышачку – не закрые дзверы, што называецца, “перад носам”, і аўтобус прыходзіць заўсёды ў тэрмін. Нават па ўласнай ініцыятыве паставіў у сваім “МАЗе” пераносную DVD-сістэму – каб зрабіць час паездкі не толькі камфортным, але і цікавым. Адразу відаць – работа чалавеку падабаецца. Дарэчы, як аказалася, марыў аб ёй Мікалай з дзяцінства…
– Ведаеце, яшчэ калі быў малым, глядзеў, бывала, на вадзіцеляў аўтобусаў і думаў – вось вырасту і сам буду вадзіць такую машыну, – расказвае Мікалай Савіч. – А першы вопыт ваджэння аўтобуса атрымаў, калі служыў у арміі. Спадабалася. І пасля службы адразу ж прыйшоў у аўтапарк… Пачынаў з “ЛАЗаў”, “Ікарусаў” – цяпер вось на “МАЗ-256-200” перасеў…

-
Як адзначае Мікалай, беларускі аўтобус яму падабаецца. Лёгкае рулявое кіраванне, цёплая і камфартабельная кабіна, утульны салон, надзейнасць – адным словам, усё, што павінна быць.
Ну а з такім вадзіцелем, як Мікалай, ды па новых дарогах, якія наш горад атрымаў у ходзе падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009”, паездка ў радасць. Нават у цяжкіх дарожных умовах, калі, напрыклад, рух ажыццяўляўся праз новы мост і пастаянна ўтвараліся “пробкі”, у Мікалая нейкім цудам атрымлівалася амаль што не выбівацца з графіка – і літаральна праскокваць на сваім “МАЗе” там, дзе, здаецца, і легкавушка пройдзе з цяжкасцю. І ўсё, заўважце, у поўнай адпаведнасці з правіламі і, што называецца, без рэзкіх рухаў. Адным словам – сапраўдны прафесіянал… І ў кіраўніцтва пра яго водзывы толькі станоўчыя – так, начальнік тэхнічнага аддзела Уладзімір Конюх, калі мы запыталіся пра Мікалая, адказаў адразу – чалавек фенаменальнай працавітасці. І аўтобус свой, дарэчы, з задавальненнем даглядае сам – чым і займаўся, калі мы знайшлі яго ў глыбіні аўтапаркаўскага гаража.
Ад усёй душы віншуем усіх супрацоўнікаў філіяла “Аўтамабільны парк №16 г. Кобрына” ААТ “Брэстаблаўтатранс” з надыходзячым прафесіянальным святам – Днём аўтамабіліста. А Мікалаю Касянчуку і ўсім яго калегам жадаем аднаго – ветлівых пасажыраў і добрай дарогі!
-
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.