У мінулую нядзелю супрацоўнікі кобрынскага Палаца культуры ўрачыста правялі Дзень адкрытых дзвярэй.
З раніцы вакол Палаца культуры, на вуліцы Суворава і ў скверы імя Марозава было шматлюдна. Гучала рытмічная музыка, актыўна працаваў выязны гандаль. На радасць самым маленькім удзельнікам мерапрыемства разгарнуліся “надзіманы горад” з горкамі і тунэлямі, батут, пракат электрамабіляў і інш.
Але, безумоўна, у цэнтры ўвагі знаходзіліся выхаванцы ўзорнай цыркавой студыі “Сонейка”, узорнай студыі тэатральнага мастацтва “Рытм”, акрабатычнага гуртка “Вяснушкі” Палаца культуры і інш. Сваімі яскравымі пантамімамі, касцюміраванымі прадстаўленнямі пад адкрытым небам, гульнямі і шчырымі ўсмешкамі яны стваралі атмасмферу сапраўднага свята. З задавальненнем далучыліся да ўдзелу ў мерапрыемстве не толькі гараджане, але і госці з Санкт-Пецярбурга і Масквы, якія прыехалі ў Кобрын на экскурсію.
Не менш цікава было і ў Палацы культуры. У фае працавала латарэя. На вялікім экране трансліраваліся разнастайныя выступленні ў выглядзе слайд- і відэапрэзентацый творчых калектываў і самадзейных артыстаў. Аматараў творчасці чакалі выставы народнага аматарскага клуба “Рарытэт” і выстава “Вясёлка фантазій” узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Натхненне”. Увазе бацькоў і дзяцей быў прапанаваны шырокі спектр інфармацыі аб дзейнасці шматлікіх гурткоў і калектываў на розны густ.
Апоўдні ў глядзельнай зале распачалася тэатралізаваная пастаноўка, галоўны герой якой хлопчык Чарлі стаў шчаслівым дзякуючы цікавым і карысным справам. А пасля кожны з прысутных меў магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю Палаца культуры ў адпаведных аўдыторыях.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.