В Кобрине состоялся очередной праздник-конкурс эстрадного мастерства “Ритмы молодости”.

Сапраўдны феерверк творчых ідэй, велізарная колькасць новых талентаў, яскравая энергія маладых выканаўцаў. Гэта – абласное свята-конкурс эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці”, арганізаванае ўпраўленнем культуры Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам і Кобрынскім райвыканкамам, якое нядаўна прайшло на канцэртных пляцоўках нашага горада.


– Ідэя такога конкурсу ўзнікла яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, праводзіцца ён раз у два гады, – расказвае намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Тамара Паўлюковіч. – З задавальненнем адзначу, што з года ў год конкурс відавочна расце. Напрыклад, сёння мы ўбачылі якасныя фанаграмы, выдатныя аранжыроўкі, добрую культуру мовы, прыгожыя касцюмы – адным словам, на самой справе высокі ўзровень падрыхтоўкі. Што ж датычыцца выбару месца, то менавіта ў Кобрыне сёння вельмі камфортныя ўмовы для правядзення мерапрыемстваў такога кшталту.


Цяжка нават пералічыць усю тую жанравую разнастайнасць, якую прапаноўвалі гледачам на працягу двух дзён маладыя артысты. У чатырох узроставых катэгорыях – ад 7 да 30 гадоў – выканаўцы прадстаўлялі эстрадныя песні і танцы, музычныя нумары, гутаркавы жанр і многае іншае. Фальклорныя матывы змянялі сучасныя танцавальныя мелодыі, відовішчныя пластычныя эцюды перамяжоўвалі вясёлыя жарты, застаўлялі задумацца радкі з творчасці вядомых паэтаў і нумары сацыяльнай тэматыкі…

Адным словам, праграма прынесла сапраўдную асалоду гледачам усіх узростаў і густаў. Вельмі разнапланавую праграму прадставілі і кабрынчане. Сярод тых, хто выступаў за наш рэгіён, былі ўдзельнікі ўзорнай дзіцячай цыркавой студыі “Сонейка”, узорны ансамбль сучаснага танца “Мадэрн”, эстрадны інструментальны ансамбль “Happy Band”, інструментальны ансамбль “Фантазія”, Марына Рагашчук і іншыя. Усе артысты прадэманстравалі сапраўднае сузор’е самых разнастайных талентаў і вялікую волю да перамогі.


Не прымусіў доўга чакаць і вынік. Акрамя сапраўднай буры авацый, кабрынчане, якія, дарэчы, склалі значную частку ўдзельнікаў заключнага гала-канцэрта, заваявалі ў агульнай колькасці шэсць дыпломаў. Дыпломамі першай ступені адзначыліся Марына Рагашчук і прадстаўніцы ўзорнай дзіцячай цыркавой студыі “Сонейка” Настасся Барысюк і Кацярына Федарук. Дыпломы другой ступені заваявалі Наталля Пушыла, эстрадны інструментальны ансамбль “Happy Band” і дуэт Юліі Лініч і Дзмітрыя Лісковіча – таксама ўдзельнікаў узорнай дзіцячай цыркавой студыі “Сонейка”. Дыпломы і граматы ва ўрачыстай атмасферы ўручылі маладым “зорачкам” намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Тамара Паўлюковіч і намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *