Ці зарасце зямля Кобрыншчыны спрэс лазой?

Такое пытанне апошнім часам стала цікавіць многіх жыхароў вёскі Лелікава, калі яны даведаліся, што тут неўзабаве беларуска-чэшская фірма ААТ “ЭнергЭкаІмпэкс” пачне вырошчваць у прамысловых маштабах лазу для будучай яе перапрацоўкі на пілеты – адзін з відаў эканамічнага і экалагічна чыстага паліва.

– Сапраўды, райвыканкамам заключаны афіцыйны дагавор з названай фірмай аб выдзяленні ў арэнду ў раёне в. Лелікава 1200 гектараў зямлі, – тлумачыць сітуацыю начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аляксандр Агіевіч. – У тым ліку 600 гектараў зямлі, якая ўжо выйшла з абароту, 300 гектараў, якія зарастаюць пустазеллем, і 300 гектараў, што знаходзяцца на мяжы выхаду з абароту. З боку “ЭнергЭкаІмпэкс” плануецца ўкласці ў асваенне гэтых земляў каля 10 мільёнаў еўра і працаўладкаваць 45 чалавек. Таксама перад фірмай пастаўлены дзве абавязковыя ўмовы. Першая: на пачатку дзейнасці – не кранаць ніякіх дзеючых угоддзяў, а толькі тыя, якія выйшлі з абароту. Другая ўмова: калі па нейкіх прычынах дзейнасць ААТ “ЭнергЭкаІмпэкс” будзе спынена, то яно вяртае землі ў стане, поўнасцю прыгодным для пасадкі сельскагаспадарчых культур. У любым выпадку, гэтыя ўгоддзі застаюцца на ўліку як сельскагаспадарчыя землі пад шматгадовыя насаджэнні або як плантацыі тэхнічных культур. Сярэдняя ж бальнасць іх складае 19, што робіць эканамічна немэтазгодным вырошчваць на іх збожжа ці іншыя высокатэхналагічныя культуры. Такім чынам, нават пасля поўнага асваення выдзеленых земляў застаецца каля 500 гектараў дзеючых угоддзяў для гаспадарчых патрэб жыхароў вёскі Лелікава, што поўнасцю павінна пакрываць іх патрэбнасці.

Да вышэйсказанага можна дадаць, што сёння ААТ “ЭнергЭкаІмпэкс” ужо закуплена 50000 саджанцаў лазы, вясной плануецца іх пасадка. Вельмі запатрабаваная на паліўным рынку прадукцыя будзе пастаўляцца не толькі на беларускія паліўна-энергетычныя прадпрыемствы, але і ісці на экспарт. Дакладныя лічбы па аб’ёмах вытворчасці пілетаў пакуль назваць цяжка, але, калі меркаваць па вышэйсказанаму, беларуска-чэшскі капітал разлічвае заснавацца тут усур’ёз і надоўга.

Падрыхтаваў Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Ці зарасце зямля Кобрыншчыны спрэс лазой?: 1 комментарий

  • 28/11/2012 в 15:43
    Permalink

    Чем бы дитя не тешилось…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *