11 гадоў Людміла Боцех жыве ў Кобрыне і ні разу не пашкадавала аб гэтым

«Палюбiць Беларусь вельмi проста, трэба толькi прыехаць сюды…» У праваце слоў з песні Кубанскага казацкага хору Людміла Боцех пераканалася на ўласным вопыце. 11 гадоў Людміла жыве ў Беларусі і ні разу не пашкадавала аб гэтым. Кобрыншчына стала лёсам не толькі для яе, але і для бацькоў, сястры, пляменніц, разам з якімі дваццацігадовай дзяўчынай яна прыехала сюды, каб застацца тут назаўсёды.

Нарадзілася Людміла ў невялічкім гарадку Пачынок, што ў 50 км ад Смаленска. Дзяцінства прайшло ў ваенным гарнізоне Шаталава, дзе яе бацька, маёр авіяцыі Міхаіл Чэўсаў, служыў ў тэхнічным складзе. Напрыканцы ягонай службы перад сям’ёй стала пытанне, дзе жыць далей. Кобрын Чэўсавы ведалі як кропку на карце, праз якую праязджалі некалькі разоў па дарозе да сваякоў у Ратна. Чысціня, утульнасць, гасціннасць горада прывабілі грамадзян Расіі, і яны пераехалі ў Беларусь. 

– Беларусь знаходзіцца паміж Расіяй і Заходняй Еўропай, тут адчуваўся трохі еўрапейскі менталітэт, – дзеліцца Людміла першымі ўражаннямі. 

З адаптацыяй і атрыманнем пасведчання на права жыхарства ніякіх складанасцяў не было, таму што людзі, якія сустракаліся на шляху, па-сапраўднаму шчыра спрыялі гэтаму. Першае працоўнае месца выпускніца Смаленскага дзяржаўнага універсітэта знайшла адразу – маладога лагапеда гасцінна сустрэлі ў Кобрынскім цэнтры карэкцыйна-развіваюча га навучання і рэабілітацыі. Хутка знайшлася і справа для душы. Разам з бацькамі і сястрой Аленай Людміла прыйшла ў народны хор Кобрынскага Палаца культуры «Палескія перазвоны» і ўжо больш за 10 гадоў выступае як у складзе калектыву, так і з сольнымі нумарамі. Праз беларускую песню вывучыла і мову, якой, дарэчы, нядрэнна валодае і лічыць яе вельмі прыгожай і мілагучнай. 

Народны клуб аматараў фальклору «Магдаліна» – яшчэ адзін калектыў, які наведвае Людміла ў вольны час. Сярод збіральнікаў мясцовага фальклору на чале з кіраўніком Аленай Букач наша гераіня далучаецца да нематэрыяльных каштоўнасцяў кобрынскай зямлі і лічыць іх скарбніцай духоўнай культуры нашага народа. 

Знайшла Людміла ў Беларусі і жаночае шчасце. Кабрынчанін Рыгор Боцех, які сустрэў прывабную расіянку ў інтэрнэце, адразу адчуў, што гэта яго чалавек. Праз тры месяцы знаёмства прапанаваў пажаніцца, і летам 2015 года яны ўзялі шлюб. 

У маладой сям’і падрастае дачка Надзейка. Дзяўчынцы ўсяго 4 гады, але бацькі ўжо далучаюць яе да песеннага мастацтва. Малая спявае ў дзіцячым садзе і наведвае ўзорную вакальную студыю «Крыніца» ў раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Сям’я мат вандруе, пераважна па Беларусі, каб лепей даведацца аб сваёй краіне і яе жыхарах. Адразу пасля вяселля пабывалі і на радзіме Людмілы. Як заўважыў Рыгор Мікалаевіч, паміж Кобрынам і Смаленскам многа агульнага. Жыхары абодвух гарадоў шануюць гісторыю сівой даўніны.

Яны помняць жорсткія ўрокі мінулых войнаў. Смаленскі помнік «Удзячная Расія героям 1812 года» з арлом наверсе нагадаў яму наш, пабудаваны ў гонар перамогі рускіх салдатаў у вайне з Напалеонам. На радзіме жонкі ёсць свой сквер Герояў і аналагічны помнік, але з самалётам на п’едэстале. У нас з жыхарамі Смаленшчыны агульная літаратурная старонка, аб’яднаная іменем Аляксандра Твардоўскага, і нават газеты носяць падобныя назвы. 

– Грамадзяне нашых краін амаль не адрозніваюцца, мы братэрскія народы, – заўважае Рыгор. 

– Можа, беларусы трошкі больш згуртаваныя, адкрытыя, працавітыя. Але гэтыя якасці, мусіць, выпраменьвае сама зямля, таму жыць тут і паводзіць сябе інакш проста немагчыма, – дадае Людміла.

Жанна ЕЛІЗАРАВА/Vkobrine.by

Фота аўтара