Кобринчанка Дарья Сарнацкая выиграла фотоаппарат по акции ОАО “Белагропромбанк”.
Добрай традыцыяй у ААТ “Белаграпрамбанк” стала правядзенне разнастайных акцый для сваіх кліентаў. Дарэчы, удзельнічаць у іх могуць людзі самых розных узростаў – ад дзяцей да пенсіянераў.
З 1 чэрвеня 2007 года 1500 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў Брэстчыны, на імя якіх дзядулі і бабулі ці бацькі аформілі ўклады, з задавальненнем далучыліся да дзіцячай ашчаднай праграмы “Расці вялікі!” Дарослыя ўкладчыкі маюць магчымасць захаваць і прымножыць грошы дзякуючы высокім працэнтным стаўкам, а самым маленькім партнёрам банка прадугледжана шмат прыемных сюрпрызаў. У межах праграмы “Расці вялікі!” штогод праводзіцца рэкламная гульня “Падары мару”, галоўны прыз якой – паездка ў Парыжскі Дыснейлэнд. Шчаслівыя ўладальнікі падарункаў ад ААТ “Белаграпрамбанк” былі вызначаны і сёлета.
Так, адзін з дзесяці заахвочвальных прызоў – лічбавы фотаапарат “Sony DSC-WX7” – дастаўся жыхарцы нашага горада, пенсіянерцы Таццяне Асмаловіч, якая заключыла адпаведны дагавор у мясцовым аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк” на сваю ўнучку – адзінаццацігадовую Дар’ю Сарнацкую. Дарэчы, такі заахвочвальны прыз “выпаў” адзін на ўсю Брэсцкую вобласць.
Спецыяльна для шчасліўчыкаў у мінулую сераду супрацоўнікі банка арганізавалі ўрачыстае мерапрыемства з удзелам намесніка начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Наталлі Беляковіч, начальніка цэнтра рознічнага продажу гэтай жа ўстановы Ніны Калодзіч, кіраўніка мясцовага аддзялення “Белаграпрамбанка” Сяргея Грыбка. Наталля Сцяпанаўна павіншавала Дар’ю з паспяховым удзелам у гульні, пажадала ёй моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў і ўручыла заслужаны прыз. Сяргей Грыбок ад імя ўсіх супрацоўнікаў банка далучыўся да гэтых цёплых слоў і падарыў юнай кабрынчанцы салодкі падарунак.
Даша вельмі арыгінальна падзякавала супрацоўнікам банка аўтарскім вершам, які яна склала спецыяльна з гэтай нагоды.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Наталля Беляковіч, Ніна Калодзіч, начальнік аддзела рознічнага продажу аддзялення “Белаграпрамбанк” у Кобрыне Дзмітрый Навумовіч, Сяргей Грыбок, яго намеснік Святлана Баталіна, Дар’я Сарнацкая з Таццянай Асмаловіч (у цэнтры).
Фота аўтара.