Надзея Момлік.
Ад аматараў паэзіі можна пачуць, што сучасны свет малаэпічны. Аляксандр Пушкін, Сяргей Ясенін, Марына Цвятаева, Янка Купала, Максім Багдановіч, Рыгор Барадулін… Няма ў наш час такіх творцаў, як калісьці… Прайшоў час залатога і сярэбранага веку паэзіі. У нейкай ступені яны маюць рацыю, але я з імі не зусім згодна. На змену аднаму пакаленню паэтаў прыходзіць новае, якое не менш тонка адчувае тое, што адбываецца вакол, выказваючы свае думкі рыфмаванымі радкамі. Гэтыя паэты жывуць сярод нас, твораць, даказваючы, што паэзія жыве і будзе жыць. Яскравы прыклад таму мая гераіня – Надзея Момлік. Выхаваная на лепшых традыцыях сусветнай паэзіі, яна не ўяўляе, як можна жыць без мастацкіх вобразаў, дыхаць без іх.- Што для мяне паэзія? Любовь к цветочку и кусту, и к пожелтевшему листу. И даже к высохшей траве у косогора на бугре… Мне вельмі блізка выказванне Міхаіла Прышвіна “Поэзия – это форма любви». Сапраўды, без гэтага светлага пачуцця - да сваіх блізкіх, роднай зямлі, прыроды, да жыцця - не можа быць паэзіі, як бы прыгожа і адмыслова ты не рыфмаваў словы. Паэзія будзе жыць вечна, як вечна жыве сярод нас любоў, - разважае Надзея Момлік.
Дзяцінства і юнацтва маёй гераіні прайшлі ў невялікай вёсачцы Залессе, што знаходзіцца на тэрыторыі Тэвельскага сельсавета. Пасля заканчэння Рынкаўскай сярэдняй школы пайшла працаваць піянерважатай у Дзівінскую школу-інтэрнат. Завочна вучылася ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце ім. А.С. Пушкіна на факультэце педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Педагагічнай дзейнасці, а яна ўся прайшла ў Дзівіне, аддала амаль паўстагоддзя.
- Першыя вершы, напісаныя ў далёкім юнацтве, былі навеяны сціплымі пачуццямі першага кахання. Толькі самай блізкай сяброўцы даверыла тады свой сакрэт. З часам адышлі гэтыя пачуцці, а разам з імі і вершы. Здавалася, беспаваротна. Але ў хвіліны жыццёвых хваляванняў радкі вярталіся зноў, - згадвае жанчына.
Першы зборнік паэзіі “Прызнанне” Надзеі Момлік, у які ўвайшлі вершы на рускай і беларускай мовах, убачыў свет у 2015 годзе, у 2017 годзе выходзіць кніга “Арабінавы смак”.
- Хацелася развівацца далей, - заўважае гераіня, - спазнаць невядомае. Пачала знаёміцца з цвёрдымі формамі верша. Так у творчым багажы паэткі з’явіліся трыялеты, рандо, рандэлі, санеты. Усе вершы, якія склалі зборнік “Сцяжынай запаветнаю іду” (2018 г), былі напісаны на беларускай мове.
Яшчэ адной падзеяй з’явілася напісанне вершаў на гаворцы жыхароў вёскі Залессе, на мове, якую чула з калыскі, з вуснаў маці і родных, на якой і зараз размаўляюць у вёсцы...
- На жаль, мала засталося старажылаў, аджываюць свой век маленькія вёсачкі, з часам могуць і знікнуць мясцовыя гаворкі... У маёй роднай вёсцы штогод у верасні адбываліся этнаграфічныя фестывалі, якія арганізоўваліся ўдзячнымі нашчадкамі Ларысай Мікалаеўнай і Аляксандрам Мікалаевічам Быцко, куды запрашалі і мяне. Там з імправізаванай сцэны часта гучала мясцовая гаворка. Менавіта тады і ўзнікла жаданне напісаць на дыялектнай мове, - дзеліцца паэтка.
Вершы Надзеі Момлік на роднай мове былі заўважаны і надрукаваны ў праваслаўным календары ў Польшчы, а таксама ў альманаху “Справа” ў Мінску. Пазней выйшлі невялічкія зборнікі “Самое родное”, “Тут дзяцінства жыло”, “З куфэрка памяці” (2018-2019). У 2019-2020 годзе - кнігі паэзіі на рускай мове “Какого цвета грусть” і “Незабудковый рай”. Творчых задумак у паэткі яшчэ шмат, а значыць ёсць спадзяванні, што будуць і новыя зборнікі.
Тэмы для вершаў Надзея чэрпае з жыцця, з назіранняў над людзьмі, з успамінаў і мараў. Многія яе творы пакладзены на музыку. Больш за 50 песень напісаны кабрынчанінам Аляксеем Кірыеўскім, да яе твораў часта звяртаюцца ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Белы бусел” Мікалай Крывагуз і Галіна Кузіч, пінчанін Віктар Мяцельскі і гамельчанка Людміла Яцухна.
На працягу некалькіх гадоў яна ўдзельнічае ў конкурсах паэтычных груп “Живая строка» і “Родник поэзии”. Перамогі надаюць маёй субяседніцы ўпэўненасці і даюць натхненне для стварэння новых твораў. У 2018 годзе паэтка была запрошана ў Міжнародную асацыяцыю пісьменнікаў і публіцыстаў (МАПП), што дае ёй магчымасць публікавацца ў тым ліку і ў міжнародных зборніках паэзіі і прозы.
Зараз Надзея на заслужаным адпачынку. Доўгія гады работы настаўніцай пачатковых класаў не прайшлі бясследна. Свой сум па дзецях, любімай школе і калегах вылівае ў вершах:
- Мне здаецца, што так я быццам працягваю дыялог, размаўляю з дзецьмі, тлумачу ім тэму ўрока, расказваю, што такое рэха, дзе жыве дожджык, адкуль з’яўляецца вясёлка, што за птушкі ўдод і фазан, дзе жыве кнігаўка і дзе можна знайсці венерын чаравічак, чытаю казкі.... Раней не думала, што буду выдаваць зборнікі для дзяцей, а атрымалася, што за 2 гады -2019 і 2020 - выдала чатыры дзіцячыя кнігі: «Я расту, или от 1 до 6», «Почемучкой я расту», «Я рисую солнышко», «Тайны Цветочного королевства». У працэсе падрыхтоўкі да выдання яшчэ дзве кнігі.
У вольны час Надзея перачытвае Пушкіна. Сама спрабуе пісаць вершы “анегінскай страфой”на рускай і беларускай мовах. Любіць жыццёвую паэзію Андрэя Дзяменцьева, Валянціна Гафта. Сярод беларускіх паэтаў перавагу аддае Петрусю Броўку, Рыгору Барадуліну, Яўгеніі Янішчыц.
- Жыву, радуюся ранішняму сонцу, што пасылае свае першыя прамяні на зямлю і сагравае сваім цяплом маю вёску, натхняюся снежнымі зімамі і квітнеючымі садамі, цёплымі размовамі з блізкімі, шукаю пазітыў у кожнай хвіліне, якая адмерана нам лёсам, - дзеліцца мая субяседніца. Задумак у мяне шмат, спадзяюся, што абавязкова іх здзейсню.
АЛЕНА БАКУН
Фота Надзеі Момлік
Поделиться в соцсетях: