Вялікі футбол – на Кобрыншчыне

Востры момант матча.

Выдатны падарунак да Дня горада атрымалі аматары футбола – 16 ліпеня на стадыёне “Юнацтва” прайшоў матч чэмпіяната Беларусі сярод дубліруючых саставаў, у якім сустрэліся ФК “Рух” (Брэст) і ФК “БАТЭ” (Барысаў).

Барысаўчане да гэтага правялі ў чэмпіянаце пераможную серыю з 4-х матчаў, але брэстчане былі настроены сур’ёзна. Некаторы час каманды безвынікова правяралі адна адну на трываласць – толькі на 14-й хвіліне першы мяч у вароты ФК “Рух”  выдатным ударам у “дзявятку” адправіў Цімафей Шаркоўскі. Доўга чакаць адказу не давялося – абарону барысаўчан прарваў Уладзіслаў Марозаў, які зраўняў лік. Раўнавага трымалася нядоўга – дзякуючы чарговаму трапнаму ўдару Шаркоўскага “БАТЭ” зноў выйшла наперад, лік 2:1.

Брэстчане імкнуліся адыграцца: прыгожым ударам з вялікай адлегласці мяч у вароты барысаўчан забіў выхаванец КСДЮШАР Кобрынскага раёна Яўген Мышагін – 2:2. За некалькі хвілін да канца першага тайма ФК “Рух” нават вырваўся наперад дзякуючы пенальці, які бездакорна рэалізаваў Аляксей Анцілеўскі. Стварылася ўражанне, што ў ФК “Рух” атрымаецца перамагчы моцнага саперніка. 

Другі тайм прайшоў у такой жа напружанай атмасферы. На яго пачатку барысаўчане абрушылі на “Рух” шквал удараў, аднак яны разбіваліся аб моцную абарону брэсцкіх футбалістаў. Выправіць сітуацыю гасцям удалося на 66-й хвіліне – першы і апошні гол у гэтым тайме забіў галавою Раман Бурак. У выніку матч завяршыўся ўнічыю –  3:3. Гульня падарыла балельшчыкам шмат эмоцый, якіх на трыбунах сабралася больш за 730 чалавек.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.