Знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» атрымаў галоўны санітарны ўрач Кобрынскага раёна

Святлана Асташэвіч.

Святлана Асташэвіч упершыню была выбрана дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. “Апраўдаць давер людзей можна толькі канкрэтнымі справамі, – лічыць яна. – Дэпутат – першы памочнік органаў мясцовага кіравання і голас народа”.

Ніколі не застанецца ўбаку ад праблем, якія ўзнікаюць у насельніцтва. Па службе (а працуе Святлана Міхайлаўна галоўным санітарным урачом Кобрынскага раёна) яна часта сустракаецца з насельніцтвам і добра ведае, што турбуе людзей. І трэба адзначыць, што яна ніколі нікому не адмовіла – абавязкова знойдзе магчымасць дапамагчы чалавеку.

Выбарчая акруга №6, якую прадстаўляе Святлана Асташэвіч, гэта густанаселены раён вуліц Дружбы, Паркавай, Інтэрнацыянальнай, на тэрыторыі якога знаходзяцца і  шматпавярховыя дамы з мноствам кватэр, і уласныя забудовы. Пытанні, якія датычацца  парадку на зямлі,  добрасуседскіх адносінаў, не раз гучалі ў працоўным кабінеце Святланы Міхайлаўны, куды ў гадзіны прыёму ў сераду ды і ў іншыя дні ідуць  яе выбаршчыкі. Людзей цікавіць рознае: чаму змяніўся рэжым работы светлафораў на буйных перакрыжаваннях горада, якім чынам збіраюцца прывесці ў парадак мясцовыя дарогі, як хутка будзе выкананы капітальны рамонт шматкватэрных жылых дамоў, палепшыцца якасць вады, транспартнае забеспчэнне і інш.

Але часцей за ўсё ёй адрасаваны пытанні, якія звязаны з захаваннем санітарна-эпідэміялагічнага стану і аховай здароўя насельніцтва, стварэннем спрыяльных умоў жыццядзейнасці. На жаль, сярод жыхароў горада ёсць такія, хто лічыць, што надзелены неабмежаванымі правамі і паводзяць сябе так, быццам увесь свет круціцца вакол яго. Сапраўды, цяжка кватараваць побач з тым, хто вядзе амаральны лад жыцця, парушае парадак, забруджвае тэрыторыі агульнага карыстання. Варта запомніць, што забараняецца складаванне і захоўванне будаўнічых матэрыялаў, дроў, пяску, будаўнічага смецця больш за 72 гадзіны на прылеглай да домаўладання тэрыторыі. Добра, калі ўладальнікі хатніх жывёл выконваюць правілы ўтрымання сваіх “чацвёраногіх сяброў”. Калі правілы суседскага этыкету парушаюцца, пакрыўджаныя  шукаюць выйсце з непрыемнай сітуацыі на прыёме ў дэпутата. 

– Праца з людзьмі патрабуе ўважлівасці і аб’ектыўнасці, – разважае Святлана Міхайлаўна. – Трэба кожнага выслухаць, паглыбіцца ў пастаўленыя пытанні і знайсці выйсце з сітуацыі, паспрабаваць вырашыць яе самастойна ці з дапамогай кампетэнтных службаў.

Святлана Міхайлаўна займае актыўную жыццёвую пазіцыю: суботнікі, акцыі і іншыя грамадскія мерапрыемствы праходзяць з яе абавязковым удзелам. Яе заслугі адзначаны шэрагам падзяк і грамат рознага ўзроўню. Нядаўна Святлана Міхайлаўна атрымала знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» за паспяховае выкананне пастаўленых задач у галіне санітарна-эпідэміялагічнага забеспячэння насельніцтва Кобрынскага раёна.

Пры размове з насельніцтвам часта чуеш: больш бы такіх неабыякавых людзей было сярод нас – і жылі б мы намнога лепш.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Здымак аўтара. 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.