Жаночай усмешкі цяпло

Дабрабыт гаспадаркі мацуюць (злева направа) Вольга Кастылюк, Ларыса Калядзінская, Наталля Чарнак, Галіна Сідарук і Наталля Мартынчук

Напярэдадні чароўнага свята вясны мы завіталі ў ААТ “Раданежскае”, дзе вялікую частку працоўнага калектыву складаюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

 З 245 чалавек, якія сёння працуюць у гаспадарцы, у нас налічваецца 107 жанчын на самых розных пасадах – аператары машыннага даення, жывёлаводы, бухгалтары, эканамісты, –   расказвае намеснік дырэктара і старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Раданежскае” Галіна Сідарук. – Разам працуем, разам адпачываем. Дзякуй нашаму кіраўніку Уладзіславу Балабушку за камфортныя ўмовы, якія створаны тут для працы і жыцця.

Намеснік галоўнага бухгалтара Наталля Чарнак у сельскай гаспадарцы  з 2004 года. Пачынала ў СВК “Верхалескі”, які ў 2014 годзе далучылі да ААТ “Раданежскае”. За мінулы год рэнтабельнасць у гаспадарцы склала 14%, выручка ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг – больш за 9 млн рублёў, чыстага прыбытку – больш за 1 млн.  

Усяго ў “Раданежскім” 8 бухгалтараў. У кожнага – свая сфера адказнасці. Наталля Мартынчук – бухгалтар па раслінаводстве і вытворчасці кармоў – знайшла сваё шчасце на роднай зямлі.

– Нарадзілася ў Верхалессі. У сельскай гаспадарцы сем гадоў, – расказвае Наталля Васільеўна. – Пасля аб’яднання сітуацыя ў гаспадарцы стабілізавалася, працуем рэнтабельна, людзі своечасова атрымліваюць заработную плату. У нас зладжаны калектыў.

Ларыса Калядзінская нарадзілася ў Корчыцах, і, хоць сёння жыве ў Кобрыне, знайшла работу на сваёй малой радзіме. Ларыса Мікалаеўна –бухгалтар, які курыруе жывёлагадоўлю, праз яе праходзіць уся статыстыка па вытворчасці малака з пяці малочнатаварных комплексаў гаспадаркі.

Ларыса не адзіная, хто сюды ездзіць на работу з Кобрына. Адказная сфера дзейнасці ў Вольгі Кастылюк, яна – спецыяліст па арганізацыі закупак. Дарэчы, далёка не ў кожнай гаспадарцы ёсць такая пасада, што гаворыць аб сур’ёзным падыходзе да справы ў “Раданежскім”. Улічваючы пастаяннае абнаўленне матэрыяльнай базы, клопату хапае заўсёды – толькі за мінулы год гаспадарка набыла новы прычэп-падборшчык, збожжаўборачны камбайн, два аўтамабілі МАЗ, трактар Беларус-3522, даільную ўстаноўку “Паралель” для новага малочнатаварнага комплексу ў Хадынічах і інш. Як адзначае Вольга Васільеўна, самае галоўнае ў сферы дзяржаўных закупак – дасканалае веданне заканадаўства, у чым ёй дапамагае вопыт работы юрыстам.

Працавітых, адданых сваёй прафесіі работнікаў ААТ “Раданежскае” многа, на іх і трымаецца дабрабыт гаспадаркі.

Уладзіслаў БАЛАБУШКА, дырэктар ААТ “Раданежскае”:

Напярэдадні свята 8 Сакавіка хочацца выказаць усім нашым жанчынам, работнікам і ветэранам гаспадаркі цёплыя словы ўдзячнасці. Вы – наша натхненне, стымул для жыцця і  шчырай працы, наша крыніца энтузіязму і добрага настрою. Жадаю ўсім прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва, каб жыццё радавала новымі дасягненнямі, каб дома панаваў дабрабыт і спакой, каб вы заўсёды адчувалі моцную мужчынскую падтрымку.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота: Дзмітрый БЯЛОЎ.