На вастрыі навукі і майстэрства

Кобрыншчына сустрэла ўдзельнікаў трэцяга тура рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах – сюды  прыехалі пераможцы гарадскіх і раённых этапаў алімпіяд па фізіцы, астраноміі і працоўным навучанні.

Урачыстае адкрыццё алімпіяды прайшло ў дзіцячай школе мастацтваў г. Кобрына 13 студзеня. Лепшых вучняў на кобрынскай зямлі прывіталі намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Іван Каробка. Як адзначыў Валянцін Васільевіч, алімпіяда – гэта спаборніцтва, у якім перамагаюць  мацнейшыя, і пажадаў удзельнікам поспехаў. Выдатным падарункам для ўсіх прысутных стаў святочны канцэрт, які падрыхтавалі таленавітыя артысты і калектывы Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці.

Змаганні майстэрства і інтэлекту распачаліся 14 студзеня. На базе Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання тэарэтычны тур сабраў 102 юныя фізікі і астраномы. На наступны дзень вучні прынялі ўдзел у другім этапе – практычным для астраномаў і эксперыментальным для фізікаў. У Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы і СШ №7 г. Кобрына сабраліся “алімпійцы”, якія мераліся майстэрствам у тэхнічнай і абслуговай працы – адчуваўся водар свежай габлюжкі, мерна працавалі швейныя машыны. Паспрабаваць свае сілы прыехалі 25 хлопцаў і столькі ж дзяўчын.  

Заданні былі дастаўлены з Мінска і распакаваны непасрэдна перад спаборніцтвам. Як адзначыў метадыст Інстытута развіцця адукацыі Мікалай Чаркасевіч, у гэты год іспыты па тэхнічнай і абслуговай працы мелі патрыятычную накіраванасць з нагоды набліжэння 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні пройдзе ў Магілёве – у ім прыме ўдзел па 5 лепшых хлопцаў і дзяўчат, адабраных журы па выніках 3-га этапа ад кожнай вобласці.

У вольны час паміж конкурснымі заданнямі госці мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавымі мясцінамі Кобрыншчыны – падчас насычанай культурнай праграмы “алімпійцы” наведалі Кобрынскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу па зімовых відах спорту, Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, а таксама СТАА “ВП Палессе”.

А мы будзем уважліва сачыць за поспехамі кабрынчан і аператыўна інфармаваць нашых чытачоў аб іх дасягненнях.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: удзельнікі трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і працоўнаму навучанню падчас першага тура