Каляднай гісторыі добрыя словы

Рымскія легіянеры, хлеў з жывёламі, у якім калісьці з’явіўся на свет Ісус Хрыстос, цары і пастухі з дарамі, і непаўторны антураж біблейскіх падзей. Каля старога будынка СШ №4 г. Кобрына, дзе сёння размяшчаецца ўстанова культуры и вольнага часу “ХОП-цэнтр”, прайшла калядная імпрэза якая прапанавала кабрынчанам прыгадаць падзеі аднаго з самых важных святаў для ўсіх хрысціян – дня Нараджэння Хрыстова.

Такую акцыю мы праводзім другі год запар і запрашаем на яе дзяцей, якім па тых ці іншых прычынах патрэбна падтрымка, – расказвае арт-дырэктар “ХОП-цэнтра” Кася Юрашэвіч. – Усяго напрацягу нашых калядных мерапрыемстваў падарункі атрымалі каля 170 дзяцей Кобрыншчыны.

“ХОП-цэнтр адкрыўся восенню мінулага года. Сёння ў рамках установы працуе дзіцячы клуб дзённага наведвання “Нарнія”, у якім дзецям дапамагаюць вывучыць англійскую мову, прапануюць паслугі псіхолага, асвоіць пескаграфію, асновы мастацтва і многае іншае. Не давядзецца сумаваць і дарослым – пакуль дзеці адпачываюць, можна заняцца фітнэсам. Акрамя таго, “ХОП-цэнтр” удзельнічае ў вялікай колькасці дабрачынных праектаў, адным з якіх з’яўляецца і калядная імпрэза, якая ўжо стала добрай традыцыяй.

У дзень Нараджэння Хрыстова тут панавала ўрачыстая святочная атмасфера. Увазе дзяцей і дарослых была прадстаўлена відовішчная тэатралізаваная пастаноўка, побач можна было падсілкавацца гарачай кавай ці чаем, пакатацца на конях ці проста пагрэцца ля вогнішча. Як адзначыла псіхолаг аддялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Юлія Гейст, у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў гэты дзень падарункі ад “ХОП-цэнтра” атрымалі дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А цёплыя словы біблейскай гісторыі Нараджэння Хрыстова яшчэ раз нагадалі дарослым і дзецям аб вечных каштоўнасцях і аб тым, як важна рабіць дабро.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: моманты каляднай імпрэзы.