Інвестыцыі  – у чалавека

У 2005 годзе ў аграгарадку Дзівін было зарэгістравана новае прадпрыемства –  ЗТАА “Лангхайнрых Канфекцыён Бел”, якое ўзнікла ў выніку інвестыцый адной з найстарэйшых кампаній Германіі – “Лангхайнрых”.  У партнёраў спачатку былі некаторыя сумненні наконт таго, ці змогуць у вёсцы, аддаленай ад горада, наладзіць  якасную работу, ці падбяруць неабходную колькасць кваліфікаваных швачак, бо да гэтага швейнае прадпрыемства размяшчалася ўжо ў Румыніі і Украіне, але не апраўдала сябе і праіснавала нядоўга. Зараз, праз 15 гадоў калектыў з яго кіраўніком Валянцінай Пашкевіч можа з упэўненасцю заявіць: марку “Лангхайнрых” яны нясуць годна і рэпутацыю аднаго з лепшых вытворцаў якаснага тэкстылю ў Еўропе не проста падтрымліваюць, але і ўмацоўваюць новымі дасягненнямі, значна папаўняючы бюджэт раёна, – у 2019 годзе план па экспарце тавараў быў перавыкананы на 30% .

  Перагортваючы старонкі гісторыі, Валянціна Рыгораўна, якая прыйшла ў 2005 годзе на толькі што зарэгістраванае прадпрыемства ў якасці бухгалтара, згадвае, што набраць вопытных работнікаў не выклікала цяжкасцяў. Першая брыгада складалася з 17 чалавек: 11 швачак, некалькіх закройшчыц і ўпакоўшчыкаў, наладчыка і брыгадзіра. Дзівінскія швачкі не былі навічкамі ў сваёй справе, мелі вопыт у пашыве нават больш складаных  вырабаў, чым сурвэткі і абрусы, таму  без праблем авалодалі і новымі навыкамі, якія патрабаваліся ад іх на новым прадпрыемстве. За 15 гадоў  калектыў  “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” вырас амаль у 10 разоў і зараз налічвае больш за 100 чалавек, кожны з якіх прафесіянал, майстар сваёй справы. Важны аспект: арганізоўваючы рабочыя месцы, прадпрыемства  вырашае праблему занятасці ў сельскай мясцовасці – тут арганізавана дастаўка работнікаў з суседніх вёсак.

Зараз лінейка прадукцыі “Лангхайнрых” складае больш за 250 відаў вырабаў.  Абрусы, сурвэткі, пасцельная бялізна з жакардавых тканін розных памераў і формаў з зашпількамі-маланкамі, з падваротам, з расфарбоўкай, якая вызначаецца вялікай разнастайнасцю адценняў і малюнкаў, зроблены з вялікім густам. Элементы аздаблення – мярэжкі, кордавыя швы, канты, вышыўка – выдзяляюцца асаблівай вытанчанасцю.  Вырабамі, а значыць і прафесіяналізмам, філіграннай работай швачак захапляюцца высокія асобы ў пяцізоркавых атэлях у розных краінах свету, першыя асобы дзяржаў у сваіх рэзідэнцыях, звычайныя пакупнікі, якія цэняць якасць і прыгажосць.

На прадпрыемстве пастаянна ідзе мадэрнізацыя вытворчасці. Зараз тут устаноўлена больш за 40 адзінак абсталявання: нямецкія швейныя машыны-паўаўтамат “Прафф”, машыны “Джукі” японскай вытворчасці, машыны з наяўнасцю вышывальных аперацый і інш. Навінкай швейнага цэха стала вышывальная васьмігалоўчатая машына з праграмным кіраваннем нямецкай вытворчасці, якая пашырыла магчымасці работы і дазваляе выканаць самую складаную вышыўку.  У 2019 годзе было пабудавана новае памяшканне-склад памерам 185 м2 для больш планамернага размяшчэння сыравіны. На дадзеным этапе вядзецца падрыхтоўка плошчы для ўстаноўкі новага абсталявання – швейнай падоўжна-папярочнай машыны-аўтамата для вырабу сталовай бялізны.
           – Характэрнай асаблівасцю прадпрыемства з’яўляецца накіраванасць на спажыўца. Мы не працуем на склад, можам вырабіць як і тысячы камплектаў, так і адну сурвэтку з улікам пажаданняў кліента, – заўважае дырэктар. – Кабрынчане могуць набыць нашу прадукцыю ў фірменных павільёнах па вуліцы Суворава і ў гандлёвым цэнтры “Аліса”. Ёсць у нас і свая кропка ў Брэсце.

Высокі клас прадукцыі пад брэндам “Лангхайнрых” не аднойчы быў адзначаны аўтарытэтным журы ў час разнастайных прэстыжных конкурсаў. Дыпломы “Лепшы вытворца тэкстыльнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь”, “Лепшы прадавец высакаякаснай тэкстыльнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь”, сертыфікаты міжнародных конкурсаў  і іншыя  ўзнагароды аздабляюць сцены прадпрыемства. У 2018 годзе ЗТАА “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” было ўдастоена высокай узнагароды – прэміі Брэсцкага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці. А зусім нядаўна кіраўніцтва кампаніі вярнулася з Мінска з дыпломам “Лідар спажывецкага рынку-2019” Наперадзе ў калектыва, які валодае вялікім патэцыялам, а галоўнае  – жаданнем працаваць, яшчэ не адна новая ўзнагарода. І гэтае жаданне абумоўлена яшчэ і тым фактам, што адміністрацыя  добра разумее: інвестыцыі ў вытворчасць – гэта правільна, але галоўнае – гэта інвестыцыі ў чалавека.

Алена БАКУН.

Валянціна ПАШКЕВІЧ (справа) і галоўны інжынер Людміла КАРПЕШ. ФОТА: Алена БАКУН.