Свята спаўнення жаданняў

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” працягвае сваё святочнае шэсце на Кобрыншчыне: у гэты раз яе ўдзельнікі наведалі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У госці да бацькоў-выхавацеляў і іх сем’яў завітала вялікая дэлегацыя ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Валянціна Трубчыка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілія Дземідовіча, начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Івана Каробка, старшыні Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”, дэпутата Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Рамана Мельніка, старшыні маладзёжнага парламента Аксаны Сівянковай і галоўнага бухгалтара ААТ “Агра-Кобрынскае” Юліяны Тунчык.

У дзіцячым доме сямейнага тыпу Святланы і Віктара Прычышыных

У доме, дзе працуюць і жывуць бацькі-выхавацелі Яўгеній і Алена Лазюк, – 8 дзяцей: трое сваіх і пяць прыёмных. У сям’і Святланы і Віктара Прычышыных – таксама 8 дзяцей, усе прыёмныя. Але і ў першым, і ў другім выпадку ўсе яны – свае, родныя і любімыя. Разам гадуюцца, ходзяць у школу,  пазнаюць навакольны свет. Па цёплай атмасферы, якая пануе ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, гэта адчувалася.

– Новы год – выдатнае свята, якога чакаюць і дзеці, і дарослыя, – адзначыў Валянцін Трубчык. – Няхай у будучым годзе ў гэтых дружных сем’ях ажыццявяцца ўсе планы, а ўсе пачынанні прынясуць поспех.

Удзельнікі дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў дзіцячым доме сямейнага тыпу бацькоў-выхавацеляў Яўгена і Алены Лазюк

Да віншаванняў далучыліся Аксана Сівянкова, якая пажадала дзецям і іх бацькам здароўя і выказала надзею, што ўсе яны вырастуць сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы і ўнясуць свой уклад у яе дабрабыт; Іван Каробка, які ўручыў сем’ям грашовыя сертыфікаты. Цёплыя словы віншаванняў, шматлікія падарункі прынеслі дзецям радасць і наблізілі чараўніцтва Новага года.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ