Следам за марамі

Іх сэрцы і позіркі чыстыя і адкрытыя, яны жывуць днём сённяшнім, але з упэўненасцю глядзяць услед за сваімі марамі і ідэямі – у будучыню, бо ведаюць – менавіта ад таго, колькі крокаў яны зробяць сёння, з тым прачнуцца заўтра. Ім, узгадаваным на добрых традыцыях продкаў, захоўваць і памнажаць духоўнае багацце свайго народа, ім, выхаваным на гераічных подзвігах сваіх дзядоў і прадзедаў, мацаваць краіну, у якой няма месца войнам і варожасці, злу і насіллю, ім працягваць справу бацькоў, будаваць будучыню дзяржавы, назва якой горда гучыць – Беларусь. Яны – наша моладзь.

Кацярына Касынюк, Андрэй Маеўскі, Максім Кулік, Лізавета Барылюк… Яшчэ ўчора яны сядзелі за школьнай партай, старанна занатоўвалі ў сшыткі формулы і правілы, а пасля званка актыўна ўключаліся ў грамадскае жыццё. Сёння яны ўжо зрабілі першыя крокі да рэалізацыі адной з галоўных сваіх мар – выбару будучай прафесіі.

 Кацярына – выдатніца, пераможца алімпіяд па вучэбных прадметах рознага ўзроўню. Але кола яе інтарэсаў не абмяжоваецца толькі школьнымі падручнікамі. Захаванне духоўнага багацця свайго народа – тэма, якая хвалюе дзяўчыну. Таму і звярнула яна свой погляд у конкурсе “Сто ідэй для Беларусі” да праблемы страчанай праваслаўнай спадчыны. З работай “Мемарыяльны комплекс “Галгофа” яна стала пераможцай у раёне і атрымала высокую адзнаку журы на абласным узроўні. На выбар будучай прафесіі педагога, як прызнаецца Кацярына, паўплывала  настаўніца рускай мовы, якая прывіла сваёй вучаніцы бязмерную любоў да кнігі. Каця хоча быць падобнай на любімую настаўніцу.

Максім Кулік – натура рознабаковая. У яго асобе адразу спалучыліся і пачаткі акцёрскага майстэрства, – нездарма ж ён атрымаў у конкурсе “Містар БРСМ-2019 “ тытул “Містар артыстызм” – і спартыўная вынослівасць, фізічная моц, якія не раз прыводзілі яго да перамог у футбольных і валейбольных баталіях, на легкаатлетычных пляцоўках. Хапае яму часу і на добрыя справы на карысць грамадства. Так, па выніках рэспубліканскага анлайн-галасавання ён стаў лепшым актывістам інтэрнет-праекта “У саюз з сябрамі” за снежань 2018 года. У будучым хоча працаваць і прыносіць карысць роднай дзяржаве ў сферы тэхнічнага аснашчэння.

Лізавета Барылюк – “Валанцёр года-2018”. Ганаровы дыплом і тытул яна атрымала не толькі за цікава прадстаўленую прэзентацыю сваёй дзейнасці, але і за тыя справы, якімі адзначылася як член БРСМ. Акцыі, праекты, конкурсы, мерапрыемствы разнастайнай накіраванасці – поле дзейнасці, дзе не раз праяўляла сябе Лізавета. А марыць яна пра вялікую сцэну – маленькая ёй ужо пакарылася – яна выпускніца тэатральнай студыі “Рытм” Кобрынскага Палаца культуры. “Несці свае станоўчыя эмоцыі людзям – гэта ж так цудоўна” – адзначае дзяўчына.

А вось навучэнец Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання Андрэй Маеўскі з упэўненасцю заяўляе, што са сваім выбарам, які зрабіў яшчэ два гады назад, не памыліўся. Будучы повар ужо пажынае плады сваіх старанняў – на адкрытым конкурсе прафесіянальнага майстэрства повараў у Брэсце ён устанавіў абсалютны кулінарны рэкорд. Журы ацаніла яго майстэрства на 89 балаў з 90. “Няма межаў для дасканаласці, тым больш у такой сферы, як мая, – усміхаецца Андрэй і заяўляе: -Хачу быць брэнд-шэфам – складаць меню для сеткі кафэ ці нават рэстаранаў.”  Адказваю яму: “Абавязкова будзеш, бо ў цябе здаровыя амбіцыі, вялікі патэнцыял, і не толькі ў кулінарным майстэрстве…” . Не толькі, бо кобрынская моладзь ведае Андрэя і як юнака, які здольны сваёй абаяльнасцю ўзяць у палон вялікую залу. Гучнымі апладысментамі гасцей і аднагалосым рашэннем журы раённага конкурсу яму быў прысуджаны тытул “Містар БРСМ -2019”.

Мае героі – толькі маленькі квартэт з вялікай кагорты беларускай моладзі, такой жа актыўнай, творчай, таленавітай, дзейснай.

Алена Бакун.

На здымку (злева направа): Кацярына Касынюк, Андрэй Маеўскі, Максім Кулік, Лізавета Барылюк.