У ААТ “Батчы” поўным ходам ідзе сяўба зернебабовых.

Забяспечыць патрэбы жывёлагадоўлі

Кобрыншчына працягвае сяўбу – пасля кароткага пахаладання аграрыі зноў актывізавалі работу на палях. Сур’ёзная падрыхтоўка да пасяўной кампаніі была праведзена ў ААТ “Батчы”, дзе на момант нашага візіту поўным ходам ішла сяўба зернебабовых.

Плануем пасеяць 850 га яравых збожжавых культур, 1200 га кукурузы, у тым ліку 100 га на зерне, 300 га буракоў і 400 – аднагадовых траў, – расказвае галоўны аграном Мікалай Якімчук. – Як гаспадарка жывёлагадоўчага профілю, асноўны акцэнт падчас размеркавання пасяўных плошчаў робім на якасную кармавую базу.

Як адзначыў Мікалай Мікалаевіч, да пасяўной гаспадарка падышла ў поўнай гатоўнасці – у мінулым годзе былі набыты 2 трактары “Кіравец”, сучасны нямецкі пасяўны агрэгат “HORSCH”, які дазваляе адначасова з сяўбой уносіць мінеральныя ўгнаенні і адрозніваецца высокай прадукцыйнасцю, а таксама два імпартныя дыскатары. Новая тэхніка ўжо аказала сур’ёзную дапамогу ў асенняй і веснавой пасяўных кампаніях. На 100% падкормлены азімы рапс, на 60% – азімыя збожжавыя, якія, дарэчы, добра перажылі зіму. Паралельна пасяўной кампаніі праводзіцца ўнясенне арганікі на палі.

На належным узроўні ў гаспадарцы назапашаны і кармы, якіх на кожную ўмоўную галаву ў ААТ “Батчы” сёння налічваецца 40 ц кармавых адзінак. На гэтым жа ўзроўні, але ўжо з улікам перспектывы павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, плануецца “трымаць планку” і ў будучыні. Як падкрэсліў галоўны аграном, сярод планаў – павелічэнне пасяўных плошчаў для траў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: галоўны аграном ААТ “Батчы” Мікалай Якімчук і механізатар Сяргей Яцэнка ў час сяўбы зернебабовых ва ўрочышчы Мельня.