За новымі ведамі – у новыя класы

Менавіта такі падарунак падрыхтавалі для сваіх вучняў у новым навучальным годзе педагогі Астроміцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. За лета тут быў зроблены поўны капітальны рамонт у пяці класах. На момант нашага візіту тут ішоў канчатковы этап падрыхтоўкі да прыёмкі школы – асноўная частка работы ўжо скончана. Засталіся толькі апошнія штрыхі – і можна сустракаць вучняў.

– З задавальненнем хацелася б адзначыць, што ўсе работы мы выконвалі сваімі сіламі, – расказвае дырэктар школы Сяргей Лаўрысюк. – Так ужо склалася, што калектыў падабраўся таленавіты і працавіты – калі трэба, то і тынкоўшчыкі знойдуцца, і электрыкі, і сталяры. Спачатку думалі рамантаваць толькі чатыры кабінеты, але калі ўбачылі, што работа ідзе са значным апярэджаннем, то вырашылі зрабіць і пяты. Дапамогу школе ў правядзенні рамонту аказалі СП “Калор”, ААТ “Івацэвічдрэў”, ПМК-52 і нафтапровад “Дружба”.

І сапраўды, новыя класы ўражваюць. Сучасная тынкоўка-“караед”, новыя сценныя шафы з ламінату, аркі на ўваходах, выдатна падабраныя каляровыя гамы робяць кожны клас не падобным на іншыя, радуюць вока ўтульнасцю і чысцінёй. Зараз – толькі вучыцца.

Дарэчы, і ў гэтым плане Астроміцкай школе ёсць чым пахваліцца. Вучні школы ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах самага рознага ўзроўню, паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, пастаянна і паспяхова прымаюць удзел у прадметных алімпіядах – так, у гэтым годзе дыплом 3-й ступені на абласной алімпіядзе па фізіцы атрымаў Валянцін Леўшыц, каманда школы выйшла ў фінал рэспубліканскай спартакіяды “Каласок” і на выступленні ў Стайках заняла 5-е месца.

Зараз, у час летніх канікулаў, вучні разам са сваімі настаўнікамі рыхтуюць сваю школу да новага навучальнага года. Вось яны – старанна упарадкоўваюць кветнікі, працуюць на прышкольным участку, завіхаюцца каля фантана. Дарэчы, фантан на школьным двары таксама незвычайны – згодна з ідэяй дырэктара (па спецыяльнасці, між іншым, настаўніка фізікі) яго механізм абсталяваны датчыкам руху, які ўключае напор вады, толькі калі побач нехта праходзіць. Ну а калі ў школе такім разумным зрабілі нават фантан, то можна быць упэўненым – з узроўнем падрыхтоўкі вучняў тут таксама ўсё будзе ў поўным парадку.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *