Правільнае харчаванне: што і як есці

Ад гэтага, сцвярджаюць медыкі, залежыць не толькі здароўе, але і працягласць жыцця чалавека. Напярэдадні Рэспубліканскага дня здаровага харчавання (18 жніўня) парады даюць медыкі Кобрына.

– У рацыёне здаровага чалавека павінна быць 50 працэнтаў кіслотных і столькі ж шчолачавых прадуктаў, – кажа ўрач-валеолаг Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы Васіль Паўзун. – У выпадку хваробы больш актыўна спажывайце шчолачавую ежу. Кіслотныя прадукты – гэта ўсе крахмалы (рыс, хлеб, макарона, бульба, цукар, здоба), бялкі (яйкі, рыба, мяса, соя і інш.), а таксама алеі і тлушчы (арэхі, семачкі, сметанковае масла, алей, маргарын і г. д.). Да шчолачавых адносяцца садавіна, агародніна (акрамя бульбы), а таксама ўсе бабовыя.

Такія ж прадукты, як белая мука, рафінаваны алей, кансервы, лічацца дэнатураванымі. Ад іх лепей адмаўляцца. Аналагічна не рэкамендуюць урачы ўжываць у ежу прадукты з геннамадыфікаванымі інгрэдыентамі.

Здароваму харчаванню спрыяюць прадукты са зніжаным утрыманнем тлушчу і цукру, узбагачаныя мінераламі і вітамінамі. Паводле меркавання ўрача-гігіеніста ДУ “Кобрынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Людмілы Ізмадэнавай, яны выпускаюцца і на прадпрыемствах горада.

– Напрыклад, ААТ “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод” выпускае сыр “Дыетычны”, нізкакаларыйны маянэз, лячэбна-прафілактычны біфідакефір “Троіцкі”, узбагачанае ёдаўтрымліваючым бялком малако, – гаворыць Людміла Максімаўна. – На паліцах магазінаў горада можна знайсці дыябетычны хлеб “Прыгожы”, вітамінізаваны “Водар”, батон на фруктозе і пляцёнку з ёдаказеінам – усё вытворчасці Кобрынскага хлебазавода. Сок з мякаццю ўласнай вытворчасці, ёдаваная і фтараваная соль  таксама ёсць на паліцах гандлёвых кропак.

– Напэўна, немалаважна і тое, як ужываць прадукты?

– Асноўныя правілы харчавання наступныя. Ешце толькі, калі вы галодныя, гэта робіць ежу больш смачнай, – расказвае Васіль Паўзун. – Трэба есці седзячы і ў спакойным стане. Аказваецца, толькі калі чалавек сядзіць у расслабленым стане, у яго дамінуе парасімпатычны аддзел вегетатыўнай сістэмы, які адказвае за пераварванне ежы. Спажывайце страву невялікімі кавалкамі і добра яе перажоўвайце. Найбольшы аб’ём спажываемых прадуктаў павінен прыпадаць на абед.

Яшчэ падчас спажывання страў важна канцэнтраваць розум толькі на іх прыёме. Варта таксама не піць ваду і напоі адразу пасля таго, як вы паелі, бо яны разбаўляюць страўнікавы сок. Вельмі важная парада – трымайцеся меры. Бо гэта залатое правіла – як у харчаванні, так і ўвогуле ў жыцці.

Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *