Абмежаванні кампенсуюцца здольнасцямі
Мабыць, мала хто з нас – людзей, якія ў поўнай меры карыстаюцца ўсімі сваімі магчымасцямі – разумее, як на самой справе адчуваюць сябе тыя, каго гэтыя магчымасці волею лёсу аказаліся абмежаванымі. Каб зразумець іх свет, адчуць, як праходзіць іх жыццё, не трэба прыкладаць шмат фантазіі. Часта для гэтага патрэбна ўсяго толькі… заплюшчыць вочы.
Менавіта праблемам людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку была прысвечана топ-канферэнцыя “Абмежаваныя магчымасці – неабмежаваныя здольнасці”, якая прайшла нядаўна ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Кобрынскага ТЦСАН. Трэба адзначыць, што канферэнцыя не ўпісвалася ў стандартныя меркі для падобных мерапрыемстваў – праводзілася яна па прынцыпу адкрытай прасторы, які даўно ўжо карыстаецца папулярнасцю ў Еўропе. У канферэнцыі прынялі ўдзел усе прадстаўнікі раённых арганізацый “БелТІЗ” Брэсцкай вобласці, Жабінкаўскай школы для дзяцей з парушэннямі зроку. Наведала канферэнцыю і старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі “БелТІЗ” Ірына Юрэня.
Сярод пытанняў, якія разглядаліся, былі праблемы адукацыі і працаўладкавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку, моманты абмену вопытам здароўя, развіцця валанцёрскага руху і іншыя. Не засталіся без увагі пытанні магчымага развіцця бізнесу сярод сляпых, пошуку спосабаў прыцягвання сродкаў у азначаную сферу, а таксама роля інфармацыі ў працэсе рэабілітацыі. Вялікую зацікаўленасць выклікала дэманстрацыя сучасных тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, якія прапанаваў гасцям канферэнцыі старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі “БелТІЗ” Мікалай Смяховіч.
Апошнія, дарэчы, заслугоўваюць асобнай увагі. Не ўсе ведаюць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі па зроку, напрыклад, могуць упэўнена карыстацца камп’ютарам і мабільным тэлефонам – пры дапамозе спецыяльных праграм яны атрымліваюць здольнасць агучваць голасам літаральна кожную кнопку і дзеянне. Партатыўны электронны аналізатар падкажа, якога колеру выбраная вамі рэч, а ўльтрагукавы памочнік вібрацыяй нагадае аб тым, што наперадзе – перашкода. Сапраўдным сябрам для сляпога чалавека можа стаць і дэзі-плэер, з дапамогай якога можна атрымаць магчымасць камфортнага праслухоўвання самай разнастайнай аўдыяінфармацыі. А электронная лупа дазволіць зрабіць даступным для чытання самы дробны шрыфт. Усе гэтыя рэчы – не проста тэхнічныя дасягненні. Яны дапамагаюць чалавеку кампенсаваць свае праблемы са зрокам і яшчэ на адзін самастойны крок наблізіцца ў сваёй рэабілітацыі да сучаснага жыцця.
Канферэнцыя прайшла ў сапраўднай сяброўскай атмасферы. Усе жадаючыя падзяліліся на групы згодна з зацікаўленасцю ў канкрэтных праблемах, а пры жаданні маглі пераходзіць са сваёй групы ў суседнія. Напрыканцы мерапрыемства былі вылучаны ініцыятыўныя групы, каб далей распрацоўваць і рэалізоўваць рашэнні канферэнцыі ў праекты – якія, без сумненняў, дапамогуць людзям з абмежаванымі магчымасцямі па зроку ў далейшай сацыяльнай адаптацыі і ў рэалізацыі сваіх здольнасцяў.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.