Учащиеся кадетских и юридических классов без сомнений готовы встать на защиту своей Родины
На запаветах пераможцаў
Сучасная ваенная прамысловасць, моцная армія, прафесіянальныя камандныя кадры… Усе гэтыя фактары, безумоўна, з’яўляюцца неадрыўнымі элементамі бяспекі любой краіны. Аднак ёсць яшчэ адна падстава ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, якая ў наш няпросты час мае не меншае значэнне. Гэта – адносіны да сваёй Радзімы нашай моладзі і гатоўнасць без сумненняў стаць на яе абарону ў выпадку, калі з’явіцца такая патрэба. Так, як гэта ў свой час зрабілі прадстаўнікі славутага пакалення пераможцаў – нашы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта на такіх запаветах і на памяці аб сваім гістарычным мінулым сёння растуць новыя абаронцы Айчыны, адным з выдатных прыкладаў якіх з’яўляюцца вучні кадэцкіх і юрыдычных класаў дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына.
У гэты веснавы дзень напярэдадні свята Перамогі ў госці да кадэтаў мы завіталі разам з ветэранам вайны Сцяпанам Цімашуком. Здаецца, што над гэтым незвычайным чалавекам, загартаваным франтавым полымем, страціў уладу нават час – цвёрды чысты позірк, трапныя словы, хуткая хада, за якой угоніцца не кожны малады. Толькі калі прыгадваюцца страшныя падзеі вайны, у голасе чуецца сум, над якім не ўладны дзесяцігоддзі мірнага жыцця…
– Называлі нас, “саракапятчыкаў”, проста і страшна: “Бывай, Радзіма!”, – расказвае Сцяпан Мікалаевіч. – Гармата калібрам 45 міліметраў толькі што называлася супрацьтанкавай. На самай справе ў 1944-м годзе, каб падбіць з яе новыя нямецкія танкі, трэба было вельмі пастарацца. А поле боя – не цір, дзе можна цэліцца доўга і старанна. І гармата, і разлік – такая ж мішэнь. Толькі не абароненая бранёй…
Вось і атрымлівалася, што ішлі “саракапятчыкі” практычна побач з пяхотай, а часта атрымлівалася і так, што літаральна на сябе даводзілася перацягваць і гармату. Пасля штурму Кёнігсберга з усяго свайго разліку, які складаў 7 чалавек, у жывых застаўся толькі Сцяпан Цімашук. Прынамсі, пад канец вайны гарматку, магутнасці якой ужо відавочна не хапала для барацьбы з бранятэхнікай, усё ж такі дапрацавалі – спачатку, каб павысіць бранябойнасць, павялічылі даўжыню ствала, потым і ўвогуле замянілі на 57-міліметровую гармату. Але гэта ўжо крыху іншая гісторыя… Для Сцяпана Мікалаевіча, чыя вайна скончылася пад Пілау, “саракапятка” так і засталася той самай баявой зброяй, побач з якой праляцела самая цяжкая частка жыцця.
Сёння ветэран заўсёды ахвотна ідзе насустрач усім прапановам, якія датычацца патрыятычнага выхавання моладзі. Адным з прыкладаў такой работы з’яўляюцца кадэцкія класы дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына, якія працуюць тут з 2001 года і былі створаны пры былым дырэктары школы Серафіму Сінгалевічу і былым настаўніку дапрызыўнай падрыхтоўкі Валерыю Рогатневу, праз год з’явіліся і прававыя класы. З цягам часу спектр быў пашыраны, і гэтыя накірункі пачалі працаваць не толькі ў 10-11-х, але і ў 7-8-х класах. Як адзначае дырэктар школы Алёна Фігурына, хутка кадэцкія і прававыя класы могуць “памаладзець” яшчэ больш.
– Ваенна-патрыятычная класы, пачынаючы з 7-га класа, маюць дататковы факультатыў па матэматыцы, у 10-11 класах яны вывучаюць на павышаным узроўні або хімію і біялогію, або фізіку і матэматыку, – расказвае Алёна Васільеўна. – Прававыя класы, пачынаючы з 7-га класа, маюць дадатковы факультатыў па рускай або беларускай мове, у старэйшых класах вывучаюць на павышаным узроўні гісторыю і грамадазнаўства.
Зразумела, гэта – далёка не ўсё. Вучні заўсёды прымаюць удзел у ваенна-патрыятычнай змене аб’яднаных саюзных дзяржаў, якая праходзіць у дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Не адстаюць і юныя прававеды – яны пастаянна ўдзельнічаюць у рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда”, якая праводзіцца Акадэміяй унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, і сёлета занялі трэцяе месца сярод школ рэспублікі. І кадэты, і вучні прававых класаў даўно сталі своеасаблівай “візітнай карткай” нашага горада – без гэтых прыгожых дзяўчат і мужных хлопцаў у камуфляжнай форме цяжка ўявіць масавыя патрыятычныя мерапрыемствы і святы. Яны свядома і матывавана абіраюць для сябе кар’еру ваенных і абаронцаў правапарадку, пастаянна займаюць прызавыя месцы ў спаборніцтвах і спартакіядах, самаўдасканальваюцца ў творчасці і вучобе, адным словам, жывуць паўнацэнным жыццём, займаюцца ўсебаковым самаразвіццём і актыўна працуюць над сабой, каб стаць годнымі дзецьмі сваёй краіны. Так на запаветах пераможцаў і выдатных гістарычных прыкладах з нашай мінуўшчыны выхоўваецца новае пакаленне патрыётаў і грамадзян, ад якога зусім хутка будзе ў поўнай меры залежаць дабрабыт і спакой нашай Радзімы.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
На здымку аўтара: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Цімашук з вучнямі кадэцкіх і прававых класаў дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына.