Перадавыя тэхналогіі – у вытворчасць
Адбыўся абласны семінар-нарада “Вынікі работы галіны жывёлагадоўлі за перыяд 2006-2010 гады і перспектывы развіцця галіны на 2011-2015 гады”. Намеснікі старшыні аблвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты аблсельгасхарчу і падведамасных арганізацый, старшыні райвыканкамаў, іх намеснікі па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кіраўнікі сельгасарганізацый працавалі па групах. У нашым раёне ўдзельнічалі ў семінары прадстаўнікі Маларыцкага, Брэсцкага, Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў. Кіраваў рабочай групай старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і першы намеснік старшыні камітэта аблсельгасхарчу Валянцін Зайчук.
Семінар пачаў сваю работу ў перадавой гаспадарцы вобласці – СВК «Узыходзячая зара». Аб гэтым прадпрыемстве, яго дасягненнях расказала старшыня кааператыва Таццяна Дземідзюк.
Удзельнікі семінара наведалі малочнатаварную ферму вёскі Гайкоўка, дзе азнаёміліся з сістэмай вытворчасці малака, арганізацыяй дыферэнцыраванага кармлення дойнага статка. Аб сістэме ветэрынарнага кантролю за вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі расказаў галоўны ветурач сельгаспрадпрыемства Сяргей Пятроўскі.
На малочнатаварнай ферме вёскі Каташы аб тэхналогіі круглагадовага стойлавага ўтрымання дойнага статка, атрыманні малака гатунку “экстра”, камп’ютарным уліку прадукцыі расказала галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Ларыса Паляціла.
На ферме вёскі Ізабелін удзельнікі семінара азнаёміліся з тэхналогіяй інтэнсіўнага вырошчвання цялушак, з арганізацыяй сістэмы асемянення жывёлы.
Сучасныя перадавыя тэхналогіі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, якія дзейнічаюць на фермах сельгаскааператыва, выклікалі вялікую цікавасць яшчэ і таму, што дзякуючы ім сельгаспрадпрыемства з года ў год уваходзіць у лік лідараў не толькі абласнога, але і рэспубліканскага спаборніцтва. А гэта значыць, што паўсюднае ўкараненне ў вытворчасць перадавых тэхналогій створыць добрыя перадумовы для перспектыўнага развіцця гэтай галіны на 2011-2015 гады.
Пасля наведвання жывёлагадоўчых ферм СВК “Узыходзячая зара” рабочая група далучылася да іншых груп і прыняла ўдзел ў пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў Драгічыне. У падвядзенні вынікаў работы семінара-нарады прыняў удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.
Аляксей САЦУК.