Гостиная «КВ»: Виктор Байдовский художник в душе

У душы мастак

IMG_0837
У дзяцінстве Віктар Байдоўскі з вёскі Пескі-1 нічым не адрозніваўся ад сваіх аднагодкаў. Адрозненне было хіба толькі ў тым, што на гэты свет Віктар глядзеў па-свойму, па-асабліваму, заўважаючы ў ім тое, чаго іншыя не заўважалі.
А па сцежках басанож …
– Бывала, пасля школы іду да бацькоў на сенакос. Хады – метраў сто, не болей, а іду доўга-доўга. Кожную травінку разглядаю, кожную кветачку. Гляджу, у які бок ад прадмета цень падае, як падае. Ох, за спазненне і атрымліваў ад бацькоў на арэхі.
Дзіцячыя ўспаміны выклікалі на твары Віктара Паўлавіча ўсмешку. І хоць маленства ў яго свядомасці ў асноўным асацыіруецца з цяжкай працай, былі ў ім і ўласцівыя малечы свавольніцтвы. Шмат часу маленькі Віктар бавіў на беразе старога Мухаўца, дзе глядзеў на водную гладзь, у якой, быццам у люстэрку, адбівалася неба. У такія хвіліны яго дзіцячая душа перапаўнялася чароўнымі эмоцыямі, якія пабуджалі яшчэ больш уважліва прыглядацца да прыроды. На звыклых дарогах і сцежках хлопчык заўсёды знаходзіў для сябе шмат цікавага, адкрываючы новыя аб’екты для даследавання і новыя колеры.
Пошукі сябе
Успрыманне навакольнага свету праз эстэтычную прызму прывяло Віктара Байдоўскага ў шэрагі мастакоў. Такой падзеі, здавалася, паспрыяў сам лёс, праўда, правёўшы яго праз чаргу выпрабаванняў.
Дарослае жыццё нашага героя пачалося з аўтакалоны горада Кобрына, куды пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 ён уладкаваўся слесарам. Далей была служба ў арміі на прасторах Савецкага Саюза: спачатку ва Украіне, у Жытоміры, потым – у Беларусі, у Мар’інай Горцы.
Рэалізоўвацца як мастак Віктар Байдоўскі пачаў у ДЭУ № 715 (цяпер ДЭУ № 22), куды яго ўзялі на пасаду мастака-афарміцеля.
– З часам я зразумеў, што мастацтва не можа быць прафесіяй, гэта вобраз жыцця, – адзначыў Віктар Паўлавіч і расказаў пра васьмігадовыя пошукі сябе ў якасці вольнага мастака.
Пачыналася ўсё з простых работ. Яны ўскладняліся па меры таго, як расло майстэрства. Спрабуючы сябе ў розных накірунках, прыйшоў да высновы, што аддае перавагу жывапісу. На яго палотнах з’яўляліся разнастайныя сюжэты. З часам выявілася і жанравая перавага – пейзажы. Рукой мастака ўвекавечваліся дарагія сэрцу мясціны, у тым ліку стары бераг Мухаўца, дзе падоўгу прападаў у дзяцінстве, і бярозавы гай, што распаціраўся адразу за бацькоўскай хатай.
Дзякуючы захапленню пейзажамі Віктар Байдоўскі пачаў фатаграфіраваць. Прызнаўся, што такім чынам дасягаў больш дакладнай перадачы рэальнай карціны. У яго фотаархіве захоўваецца шмат фотаздымкаў, многія з якіх, дарэчы, увасоблены на палатне.
Калі выдатныя здольнасці чалавек спалучае з цярпеннем і ўседлівасцю, яго творчы патэнцыял павялічваецца ў разы. Будучы да сябе празмерна патрабавальным, Віктар Байдоўскі заявіў аб сабе як мастак ярка і таленавіта. Выставы-продажы з яго карцінамі сістэматычна ладзіліся ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А.В. Суворава і карысталіся папулярнасцю. Адзіны творчы конкурс раённага ўзроўню, у якім Віктар Паўлавіч паўдзельнічаў па ініцыятыве супрацоўнікаў Кобрынскага Палаца культуры, закончыўся для яго поўнай перамогай.
“Гэта ў нас сямейнае”
Здольнасці мастака праяўляліся ў розных пакаленнях Байдоўскіх. Дваюрадны дзед Віктара Паўлавіча Аляксей добра “выдаваў” партрэты ў алоўку. Яго работы, якія ў асноўным пісаліся экспромтам, у свой час прыцягнулі ўвагу гасцей з Санкт-Пецярбурга (тады яшчэ Ленінграда). Юнага Аляксея запрашалі ў паўночную сталіцу на вучобу, але марам хлопца не суджана было здзейсніцца. Яго бацькі, звычайныя сяляне, не падтрымалі такую прапанову і не пусцілі хлопца на чужыну. У гады акупацыі, у 1942 годзе, Аляксей загінуў. На той час яму было ўсяго 16 гадоў.
Здольнасці да малявання ёсць і ў меншай дачкі Віктара Паўлавіча – Таццяны. Аловак у яе руках заўсёды паслухмяны, здольны за кароткі час выдаваць маленькія “шэдэўры”. Нягледзячы на гэта, маляванне для Таццяны ніколі не выступала на першы план, а заўсёды заставалася ў якасці хобі.
Добра малюе і шасцігадовая ўнучка Селіна, якая разам з бацькамі пражывае ў Германіі. Як заўважыў Віктар Паўлавіч, у яе імкненні вывучаць навакольны свет ён пазнае сябе.
Усё змянілася раптоўна
Бяда ніколі не пытаецца, куды і калі ёй прыйсці. Так сталася і ў сям’і нашага героя. Віктар Паўлавіч пачаў заўважаць, што страчвае зрок. Свет, на які ён глядзеў з такой увагай, паступова перастаў зіхацець для яго яркімі колерамі. Дыягназы былі несуцяшальныя: глаўкома правага вока, анкалогія левага. Такі зыход падзей, без сумненняў, у любога чалавека выбіў бы зямлю з-пад ног, а тут мастак, тонкая натура…
У 54 гады жыццё Віктара Байдоўскага ператварылася ў бясконцыя бальніцы, рэабілітацыйныя цэнтры і суцэльны шэры туман. Пра маляванне не было і гаворкі. Віктар Паўлавіч пачаў распрадаваць усё тое, што на працягу доўгага часу служыла яму верай і праўдай: палотны, фарбы, палітры і іншыя мастацкія атрыбуты.
Праўда, адзін з камплектаў для малявання ўсё ж такі застаўся. Сябры параілі, маўляў, паправішся, зноў будзеш маляваць. Мастак быў у адчаі, але масты не спаліў.
– У снах я часта вяртаўся ў той час, калі мог любавацца прыроднай прыгажосцю. Блакітнае неба, жоўтае сонейка, зялёная трава ў іх былі такія рэальныя, што я ўяўна браўся за пэндзлік, – з трапятаннем адзначыў Віктар Паўлавіч.
І сны, і думкі, і падтрымка родных зрабілі сваю справу: з часам маляванне зноў вярнулася да яго, а з ім – і жыццёвыя радасці.
Цяпер свае карціны мастак піша з выкарыстаннем разнастайных прылад-памочнікаў. Справа ў тым, што ў выніку хваробы Віктар Паўлавіч успрымае навакольны свет з заўважным скажэннем, дзе прамыя лініі адкрываюцца яго зроку як крывыя. Выправіць сітуацыю дапамагае лінейка. Што датычыцца каляровага рашэння, тут свае сакрэты. Мастак размяшчае фарбы ў строгай прывычнай яму паслядоўнасці, што дазваляе атрымліваць неабходныя адценні, нягледзячы на частковае ўспрыманне колераў. У творчым працэсе ён вельмі пільны і сканцэнтраваны, ведае, якія наступствы нясе адцягванне ўвагі.
За перыяд хваробы Віктар Байдоўскі напісаў ужо шмат карцін, не горшых па якасці за папярэднія работы. Іх цэнзарам выступае жонка Таццяна, якая, як заўважыў мастак, з’яўляецца строгім крытыкам. Не дае спуску сабе і ён сам. “Свет надта прыгожы, каб прымяншаць гэтую красу”, – заўважыў субяседнік.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: Віктар Байдоўскі.
Фота аўтара .

Гостиная «КВ»: Виктор Байдовский художник в душе: 1 комментарий

  • 11/06/2016 в 18:14
    Permalink

    У Виктора есть родной брат Владимир. Ему также достался дар художника, он освоил несколько стилей, в добавок к живописи овладел искусством резьбы по дереву. Владимир украсил свой двор предметами, которые радуют глаз (различные архитектурные формы, резные элементы из дерева).
    В настоящее время Виктор приболел, желаю ему скорейшего выздоровления.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *