Справа гонару

Традыцыйна другая палова мая ў Кобрынскім раённым ваенкамаце – гарачы час. У гэтыя дні тут праводзяцца мерапрыемствы па прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.


Будучыя абаронцы Айчыны праходзяць агляд медыцынскай камісіі. Канчатковы вердыкт спецыялістаў адыграе найважнейшую ролю ў лёсе юнакоў. Паводле слоў начальніка аддзялення прызыву РВК маёра Алега Андрашчука, у такія падраздзяленні, як, напрыклад, рота ганаровай варты ці войскі спецпрызначэння, існуе конкурсны адбор. Прызыўнікі павінны не толькі адпавядаць усім патрабаванням, якія прад’яўляюцца па стану здароўя, але і мець бездакорную рэпутацыю. Немалаважным этапам прызыўной кампаніі з’яўляецца маральна-дзелавы адбор. У адведзены тэрмін згодна з зацверджанымі графікамі Кобрынскі ваенкамат наведваюць прадстаўнікі воінскіх часцей і злучэнняў, каб правесці з прызыўнікамі гутаркі, вызначыць, хто ў бліжэйшай будучыні стане іх падначаленымі.
Аднымі з нямногіх нашых землякоў, якім пашчасціла трапіць у элітныя воінскія падраздзяленні, сталі выпускнікі Кобрынскага ДПТК будаўнікоў Мікалай Пішчык і Юрый Кашалюк. Служба ў арміі для хлопцаў – важны і адказны крок у жыцці.
– Добра разумею, што неабходна быць выдатна фізічна падрыхтаваным да службы ў войсках, – гаворыць Мікалай Пішчык. – Я не першы год займаюся валейболам, атлетычнай гімнастыкай у трэнажорнай зале. Мару застацца ў арміі і служыць далей па кантракце.
Бацька і брат Юрыя Кашалюка ў свой час аддалі доўг Айчыне, і таму для юнака ісці ў армію – справа гонару.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Алег Андрашчук праводзіць гутарку з прызыўнікамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *