На памяць – рабінавы сквер

…Тоненькія дрэўцы чырвоных рабін роўнымі радамі высаджвалі руплівыя рукі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў канцлагераў і вучняў СШ №9. Менавіта так, у атмасферы сяброўства і ўзаемаразумення, 30 красавіка ў нашым горадзе па вул. Дружбы нараджаўся сквер у гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі. Пасадачны матэрыял быў прадастаўлены Кобрынскім доследным лясгасам.
Перад закладкай сквера адбылася шчырая гутарка ветэранаў і моладзі. Сямнаццаць членаў Кобрынскай раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, пабліскваючы медалямі і ордэнамі на красавіцкім сонцы, расказвалі школьнікам аб няпростым мінулым.
Сярод шаноўных, дасведчаных людзей, якія бачылі ўсе жахі той далёкай вайны, быў і Мікалай Тарасавіч Туруцько, якому сёлета спаўняецца 86 гадоў. Нарадзіўся ён у в. Стрыгава. Там жа і сустрэў вайну. Калі Беларусь была вызвалена, быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Ваенная спецыяльнасць у нашага земляка была адказнай і складанай – наводчык гаубіцы. У свой першы бой радавы Туруцько ўступіў на тэрыторыі Польшчы. Фашысцкія войскі адбіваліся да апошняга патрона, але меткія стрэлы савецкіх артылерыстаў “выбівалі” ворага з умацаваных пазіцый. Камандзір батарэі, дзе служыў Мікалай Тарасавіч, за слаўныя подзвігі на тэрыторыі Польшчы быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
28 красавіка наш зямляк штурмаваў Берлін. У сталіцы Германіі ён сустрэў Перамогу.
Ветэран упэўнены, што падобныя акцыі патрэбны, перш за ўсё, нашчадкам, каб памяць аб баявым шляху герояў вайны ніколі не сцерлася часам.
Пройдзе некалькі гадоў, і на галінках маладых рабін у скверы восеньскай парой будуць радаваць прахожых рубінавыя ягады.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *