Прышчэпачная кампанія з мэтай прафілактыкі грыпу ўжо ідзе. 15 кастрычніка 2014 года ў будынку райвыканкама медыцынскія работнікі праводзілі вакцынацыю супрацоўнікаў органаў улады. Загадчык аддзялення прафілактыкі Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Снітко расказаў нам аб вакцыне, якой робяць прышчэпкі сёлета. “З улікам прагнозу ў вакцыну закладзены грып А(H1N1), грып штамаў А і В. Вакцына нежывая, не дае пабочных эфектаў. У яе практычна няма супрацьпаказанняў. Наадварот, яна паказана людзям, якія даглядаюць за малымі дзецьмі, людзям з хранічнымі захворваннямі, нават цяжарным жанчынам”, - расказвае доктар.Вакол прышчэпак ад грыпу існуе многа чутак. Напрыклад, што вакцына ўстарэлая, не дае ніякага эфекту. “Штогод мы атрымліваем новую вакцыну, гэтая - выраблена ў чэрвені-ліпені 2014 года і прайшла спецыяльны кантроль”, - развеяў сумненні Сяргей Аляксандравіч.Адзначыў доктар і той факт, што дзякуючы прышчэпкам, на працягу апошніх чатырох гадоў у школах не ўводзіўся карантын, бо захворванні на грып не насілі эпідэміялагічнага характару.Трэба заўважыць, што актыўна рабіць прышчэпкі ад грыпу сталі пасля лістапада 2009 года, калі была ўспышка так званага “свінога грыпу”.Вакцынацыя супрацоўнікаў органаў улады стала традыцыйнай. Па словах доктара, яны адносяцца да групы рызыкі заражэння з-за кантактаў з вялікай колькасцю людзей.Першым на прышчэпку ў кабінет пад нумарам 207 прыйшоў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. Па спецыяльнасці доктар, ён добра ведае, што значыць для чалавека і грамадства ў цэлым вакцынацыя. Іван Аляксеевіч заўважыў, калі прытрымлівацца рэкамендацый дактароў, ніякіх ускладненняў не будзе.Такое ж меркаванне і ў старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандра Зазулі:“Мы павінны быць цывілізавана-адукаванымі. Цэлая сістэма працуе для таго, каб грамадзяне ў Беларусі і ва ўсім свеце былі здаровыя. Прадузятыя да прышчэпак адносіны людзей выкліканы тым, што ім прывіваецца страх - і не без удзелу прэсы. Мы не пішам, калі добра, а калі ў 5 працэнтаў бываюць праблемы, то падаецца гэта ў перабольшаным выглядзе”. На думку кіраўніка, прышчэпка – нармальны цывілізаваны метад, дзякуючы якому чалавек абараняе сябе ад грыпу, а калі і здараецца захварэць на яго, то хвароба пераносіцца лягчэй. У якасці прыкладу станоўчай ролі прышчэпак Аляксандр Іванавіч успомніў службу ў арміі, якую яму давялося праходзіць у паўднёвых пунктах. “Калі б нам не рабілі прышчэпкі, то праз хваробы страцілі б паўарміі”, - заўважыў ён.Як ідзе прышчэпачная кампанія супраць грыпу, мы даведаліся на пасяджэнні медсавета ва ўстанове аховы здароўя “Кобрынская раённая цэнтральная бальніца”. Адным з пытанняў, якія разглядаліся медыкамі, было пытанне вакцынацыі насельніцтва ад грыпу. Галоўны ўрач Кобрынскай ЦРБ Вячыслаў Крывецкі агучыў інфармацыю аб ходзе прышчэпачнай кампаніі з абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Па стане на 13 кастрычніка ў Брэсцкай вобласці прышчэплены 290053 чалавекі, што складае 21,4 працэнты ад насельніцтва рэгіёна. Вячыслаў Анатольевіч расказаў, у якім выглядзе ажыццяўляецца вакцынацыя. Прышчэпкі разбіты па бюджэтах. З коштаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэту прышчапляюцца людзі, якія адносяцца да груп рызыкі заражэння і ўскладненняў. Гэта дзеці, пенсіянеры, работнікі школ, медыкі і іншыя катэгорыі людзей, якія ў сілу сваёй прафесіі маюць кантакты з вялікай колькасцю насельніцтва. Асобна ён спыніўся на вакцынацыі за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый. “Хочацца, каб прафілактыка грыпу тут вялася больш актыўна. Калі чалавек знаходзіцца ў калектыве і пры гэтым не прышчапляецца, то ён з’яўляецца патэнцыяльнай крыніцай заражэння”, - тлумачыць галоўны ўрач. Каб грып не набыў маштабаў эпідэміі, неабходна прышчапіць не менш за 40 працэнтаў насельніцтва.Статыстыку вакцынацыі супраць грыпу ў горадзе і раёне паведаміў урач-эпідэміёлаг Кобрынскага ЗЦГіЭ Андрэй Шырын. На сённяшні дзень прышчэплены 20309 чалавек, што складае 23,5 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў нашага рэгіёна. Усяго запланавана зрабіць прышчэпкі 35196 чалавекам (40 працэнтаў насельніцтва Кобрынскага раёна).Даводзім да ведама, што прышчэпная кампанія супраць грыпу будзе доўжыцца да 1 снежня 2014 года. Вакцынацыю можна зрабіць у прышчэпачных кабінетах дзіцячай і раённай паліклінік, а таксама ў амбулаторыях на сяле.Людміла Дубіна.
На здымку: (справа налева)урач-эпідэміёлаг Андрэй Шырын, загадчык аддзела эпідэміялогіі Вольга Алексяюк і Сяргей Снітко абмяркоўваюць ход прывівачнай кампаніі супраць грыпу.
Фота аўтара .
Поделиться в соцсетях: