Вс, 08 декабря 2024
Прогноз погоды

Змагацца за кожнага чалавека

15/03/2012 Социум

“Яго бацькі п’юць…” Мабыць, многія з тых, хто бывае на бацькоўскіх сходах, хоць раз чуў гэтую фразу, якая адразу фарміруе своеасаблівы стэрэатып адносін і да тых бацькоў, і да іх няшчасных дзяцей – якія, дарэчы, зусім невінаватыя ў сваёй бядзе. І вельмі часта, на жаль, бывае так, што нават калі чалавек сам жадае стаць на шлях выпраўлення, падобныя адносіны да яго захоўваюцца і яшчэ доўгі час перашкаджаюць нармальнаму, паўнацэннаму жыццю. Менавіта гэтая і многія іншыя тэмы сталі лейтматывам міжведамаснага каардынацыйнага пасяджэння па рэалізацыі Дэкрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якое прайшло нядаўна ў Кобрынскім судзе. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, Кобрынскага РАУС, пракуратуры, Кобрынскай ЦРБ, праваслаўнай царквы і іншыя.

На 1 сакавіка бягучага года сацыяльна небяспечнае становішча было прызнана для 106 дзяцей з 52 сям’яў, для 5 дзяцей была прызнана неабходнасць у дзяржаўнай абароне. Аднак асноўная задача - не адабраць дзяцей у гора-бацькоў, а насупраць, вярнуць іх у сям’ю – зразумела, калі ў гэтай сям’і з’явіліся адпаведныя для дзяцей умовы. Так, з 2007 года вяртанне дзяцей у сем’і склала 76% (адабрана 142 дзіцяці, вернута – 108, без апекі бацькоў засталіся 34).

Здавалася б – усё  проста. Завязаць з п’янствам, навесці парадак у хаце, вярнуцца да паўнацэннага жыцця. Вернуцца ў сям’ю дзеці – скасуецца запазычанасць перад дзяржавай. Але ці заўсёды так усё адбываецца на самой справе? Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, на жаль, далёка не заўсёды на прадпрыемствах ствараюцца адпаведныя ўмовы нават для тых, хто вырашыў стаць на шлях выпраўлення. Напрыклад, як можна выплачваць запазычанасць дзяржаве, атрымліваючы 600-800 тысяч рублёў у месяц, а ў некаторых выпадках і яшчэ менш? А між тым, акрамя выплат, абавязанай асобе трэба яшчэ за штосьці жыць… Складаецца ўражанне, што на некаторых прадпрыемствах на абавязаных асоб проста махнулі рукой. Гэта недапушчальна – змагацца неабходна за кожнага чалавека і за кожную сям’ю.

Трэба адзначыць, што наймальнікі шукаюць магчымасці для таго, каб павялічыць памер сродкаў, якія выплачваюць абавязаныя асобы. Так, для павелічэння выплат пераўладкаваны на новае месца работы да новага наймальніка 4 абавязаныя асобы, 5 асоб атрымалі новае рабочае месца ў былога наймальніка. Таксама 5 абавязаных асоб атрымалі работу па сумяшчальніцтве, 37 абавязаных асоб прыцягваюцца да работы ў выхадныя дні. Праводзіцца работа па скарачэнні прагулаў, якая прыносіць вынікі. Так, калі за 2010 год 98 абавязаных асоб здзейснілі 3890 прагулаў, то за год мінулы на 64 абавязаныя асобы прагулаў прыйшлося толькі 1282. Практыкуецца адпрацоўка – у прыватнасці, за мінулы год 29 чалавек  адпрацавалі  на прадпрыемствах раёна 101 прагул.

Усяго за мінулы год утрыманне расходаў з абавязаных асоб склала 59,7%, што перавышае сярэдні паказчык па вобласці. Безумоўна, вынікі ёсць. Але шмат работы яшчэ наперадзе – і поспехаў можна дасягнуць толькі пры сумесных намаганнях усіх арганізацый і структур, якія маюць дачыненне да вырашэння  гэтай балючай сацыяльнай праблемы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу