Сб, 13 июля 2024
Прогноз погоды

Жительницу деревни Грушево Лидию Войтович коллеги запомнили как выдающегося оратора

21/12/2015 Социум

27 лістапада сваё 80-годдзе адзначыла жыхарка вёскі Грушава Лідзія Вайтовіч. За доўгае жыццё жанчына зведала ўсяго, але на лёс ніколі не скардзілася. Наадварот, штодзень дзякавала Богу за яго міласць.
Нарадзілася Лідзія Ануфрыеўна ў сялянскай сям’і ў 1935 годзе. На яе дзяцінства прыпала вайна, якая, па словах субяседніцы, запомнілася ёй у сваёй агоніі: у 1945-м годзе  загінуў бацька, які ваяваў у партызанах.
Пасляваеннае жыццё сям’і было складанае. Холад, голад і цяжкая праца – вось і ўсё, што памятае наша гераіня з таго часу.
- На руках мамы, акрамя мяне, засталося яшчэ трое дзяцей. Каб дапамагчы ёй, мы з братам пакінулі школу і пайшлі працаваць у мясцовую гаспадарку, - расказвае Лідзія Ануфрыеўна.
Амаль дзяўчынкай заступіла яна на пасаду звеннявой па вырошчванні льну, на якой прапрацавала 10 гадоў.
На Грушаўскі рамонтна-механічны завод Лідзія Вайтовіч прыйшла ў 1965 годзе. На яе вачах на прадпрыемстве змяніўся не адзін кіраўнік. Дарэчы, цяперашні дырэктар завода, Пётр Папроцкі, і пасадзейнічаў нашаму знаёмству з жанчынай.
На заводзе працавала на розных пасадах, але аднолькава шчыра і заўзята. Актыўную работніцу адразу заўважыла кіраўніцтва. З часам Лідзія Ануфрыеўна стала членам партыі, народным засядацелем таварыскага суда, членам рабочага камітэта.
Запалу жанчыны хапала на ўсё, у тым ліку і на ўласную сям’ю, у якой гадаваліся дзве дачкі, Алена і Людміла.
Аднавяскоўцы і калегі па рабоце запомнілі Лідзію Вайтовіч як выдатнага аратара. Яна магла без усякай падрыхтоўкі сказаць прамову на любую тэму і была частым госцем разнастайных мерапрыемстваў. Да таго ж, Лідзія Ануфрыеўна мела добрыя здольнасці да спеваў і ўдзельнічала ў самадзейнасці.
Грушаўскаму рамонтна-механічнаму заводу жанчына аддала больш за 30 гадоў. Прызналася, што ганарыцца званнем ветэрана працы.
Жывая, вясёлая, з добрым пачуццём гумару, - цяжка паверыць, што субяседніцы 80. Свае гады Лідзія Вайтовіч не лічыць, бадзёра заўважае, што мае шмат планаў на будучыню.
Людміла Дубіна
Фота аўтара

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу