Цяпліца з экзатычнымі раслінамі існуе ў Кобрынскім эколага-біялагічным цэнтры для дзяцей і юнацтва фактычна з яго заснавання, ужо больш за 40 гадоў. За гэты час супрацоўнікі цэнтра сабралі калекцыю амаль з трох дзясяткаў экзатычных раслін. Больш збіраць, на жаль, не дазваляюць памеры цяпліцы.На экскурсію ў царства экзотаў мяне праводзіць дырэктар цэнтра Лілія Страчук.- Вось бамбук, - паказвае яна мне на вялікае дрэва з шырокімі лістамі. - Ён расце толькі месяц у годзе. Але, бачыце, цяпер яму становіцца цяжкавата ў нас, давялося яго падпілаваць, таму што мучыцца, бедны, у столь упіраецца. Як і авакада…Я гляджу ўверх: дрэвы і сапраўды ўперліся ў парослае мохам шкло столі. Драўляныя рамы дзе-нідзе прагнілі і нават пасыпаліся. Сыплецца і тынкоўка, паступова прыходзяць у непрыгоднасць трубы і сістэма ацяплення… Сваімі сіламі супрацоўнікі цэнтра спрабуюць штосьці падфарбаваць, падклеіць, але глабальна гэта праблему не вырашае.Акрамя бамбука, Лілія Аляксандраўна паказвае буйныя кветкі гібіскуса, трапічную ліяну пасефлору, альбо імператарскую зорку. Тут буяюць інжыр, ківі, бананы, мушмула, лаўр, аліва і г.д. - ад безлічы фарбаў і колераў разбягаюцца вочы.- А яшчэ я вам наш гонар хачу паказаць, - дырэктар паказвае мне пухната-фіялетавыя шарыкі на дрэве. - Мы 10 гадоў чакалі, пакуль расцвіце лютэранская акацыя, альбо жакардзія. Гэта для нас сапраўднае свята.- Усе гэтыя расліны мы збіралі дзесяцігоддзямі, - Лілія Аляксандраўна паказвае араукарыю, гібіскус і кракадзілавае дрэва. - Прывозілі ўсё з падарожжаў, прасілі знаёмых і калег. Вось, напрыклад, з Мёртвага мора прывезлі нам агаву, а з Сочы жакардзію. Нашы супрацоўнікі - сапраўдныя фанаты сваёй справы. Аднак мы не можам у такіх ўмовах развярнуцца. Толькі прывязеш расліну, толькі яны прыжывецца - а тут зіма, і ледзь яны перажываюць яе.З-за холаду ў цяпліцы зніклі ананас і гранат. Не можа плоданасіць і папая. Адну нават давялося аддаць. Паводле слоў супрацоўнікаў экалагічнага цэнтра, зімой, каб расліны не замярзалі, даводзіцца дадаткова прыносіць абагравальнікі альбо “буржуйку”. Усё роўна гэта не дапамагае, таму што прамярзае зямля. І калі дзеці ў цэнтры могуць сагрэцца кавай ці абагравальнікам, седзячы ў куртках, то штогод адзін-два экзоты зіму не вытрымліваюць і гінуць.- Вядома, шкада сваёй карпатлівай працы. А яшчэ мы з-за такога ненадзейнага стану цяпліцы, - Лілія Аляксандраўна паказвае на прагніўшыя рамы, - стараемся сюды дзяцей не пускаць. Не дай бог, што здарыцца... А без наведванняў ім нецікава.Пра холад у цяпліцы і самім будынку экалагічнага цэнтра дырэктар казала даўно - і ў аддзеле адукацыі, і ў іншых органах. Але сітуацыя з мёртвай кропкі не зварухнулася.- Фактычна такія аранжарэі ў вобласці ёсць толькі ў Пінску і Баранавічах. У Баранавічах гарадскія ўлады пайшлі насустрач і прафінансавалі рэканструкцыю цяпліцы, - эмацыянальа расказвае Лілія Страчук. - Мы таксама шукаем розныя варыянты. Я звярталася ў Міністэрства прыроды з нашай праблемай. Там гатовы ісці нам насустрач, але толькі пры ўмове падтрымкі мясцовых уладаў. Як толькі нам адкажуць, колькі грошай з раённага і абласнога бюджэту гатовы выдзеліць, Мінпрыроды дафінансуе сродкі, якіх не хапае. Я ўжо рыхтую неабходныя дакументы для распрацоўкі праекта, пралічэння коштаў і г. д. Але тут справа за нашымі мясцовымі ўладамі. Без іх валявога рашэння мы нічога не зробім.Кобрынскі біялагічны цэнтр нават у такіх умовах змог стаць неаднаразовым прызёрам рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, удзельнічае ў разнастайных міжнародных праектах.Сюды прыязджаюць з экскурсіямі з розных раёнаў. Цэнтр часта наведваюць гараджане. Але ўмовы для прыёму гасцей і правядзення экскурсій, мякка кажучы, не зусім добрыя.- Мы маглі б і грошы на гэтым зарабляць, і турыстаў вадзіць. Прыносіць карысць, як парк ці Палац культуры, якія пахарашэлі пасля рэканструкцыі. Калі тут стварыць куточак, то мы атрымаем яшчэ адно ўнікальнае месца для наведванняў, - разважае Лілія Страчук. - Аднак усім важна падумаць пра нашу будучыню - дзяцей. У першую чаргу для іх тут павінна быць зручна і прыгожа.Настасся ЗАНЬКО.
фота Дзмітрыя Бялова.
На здымку: Лілія Страчук.
Поделиться в соцсетях: