Прогноз погоды
Пн, 12 мая 2025

З гонарам за мінуўшчыну, з верай у будучыню

08/07/2019

Магчымасць свабодна жыць на сваёй зямлі і самім вырашаць свой лёс – найвялікшая каштоўнасць, за якую наша краіна падчас Вялікай Айчыннай вайны заплаціла вялікую цану. Кобрыншчына адзначыла Дзень Незалежнасці, які выдатна прадэманстраваў: мы помнім урокі гісторыі і робім з іх належныя вывады.

- Кожны год мы аддаем даніну павагі тым, хтозагінуў на палях бітваў дзеля вызвалення нашай краіны, ушаноўваем ветэранаў за іх ратныя і працоўныя подзвігі, - адзначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. – Беларускі народ мужна абараняў сваю Радзіму – мы ішлі да сваёй незалежнасці праз войны і разруху, праз кроў і слёзы многіх пакаленняў. Нас усіх яднае пачуццё любві да сваёй краіны і жаданне бачыць яе моцнай і квітнеючай.

Урачысты мітынг, які прайшоў на цэнтральнай плошчы горада, аб’яднаў усіх кабрынчан: у адным страі стаялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улад, прадпрыемстваў і арганізацый, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь. А над імі луналі сцягі і партрэты тых, хто змагаўся за нашу Радзіму, але, на жаль, не дажыў да 75-годдзя яе вызвалення – кабрынчане прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Беларусь помніць!”. Ва ўрачыстай атмасферы кіраўнікі раёна, арганізацый, службаў і грамадскіх аб’яднанняў усклалі вянкі і кветкі да помніка, ўзведзенага ў гонар 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

А свята набірала абароты. Кабрынчан і гасцей горада запрасіў парк імя А.В. Суворава. Адметнай рысай стала свята вышыванкі, якое ўпершыню прайшло на Кобрыншчыне.

- У маладзёжны праект “Свята вышыванкі” сёлета ўключыліся і кабрынчане, - адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Вышыванка – гэта вобраз беларусаў, гасцінных і працавітых людзей, і вельмі прыемна, што ў рамках праекта ў нас сёння працуе і многа накірункаў. Свята вышыванкі  дае нам магчымасць адчуць еднасць са сваім народам, які вылучаецца багатай культурай, побытам. Я спадзяюся, што гэтая ініцыятыва стане для нас традыцыйнай.

Каля ўвахода ў парк можна было пазнаёміцца з пераможцамі конкурсу “Фота з вышыванкай”, у вышыванках віталі гасцей удзельнікі “Горада майстроў”, дзе кожны мог набыць унікальныя экспанаты, вырабленыя з душой і цеплынёй. Каля фантана прыгожыя дзяўчаты ў вышыванках запляталі ўсім жадаючым косы і накладвалі аквагрым, у вышыванках можна было сустрэць і дарослых, і дзяцей. Пляцоўка “Смак роднай мовы” сабрада ўдзельнікаў конкурсу чытальнікаў. Тут была арганізавана выстава кніг беларускіх аўтараў. Аматары музычнага мастацтва ацанілі канцэртную праграму ў амфітэатры. Кульмінацыяй свята  стала акцыя “Праспяваем гімн разам”, якая паказала: раз’яднаць наш народ, выхаваны на каштоўнасцях патрыятызму і павагі да сваёй мінуўшчыны, немагчыма.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымках аўтара: вянок да помніка ў гонар 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўскладаюць Міхаіл Грышкевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук; цырымонія ўскладання вянкоў да помніка ў гонар 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; урачысты мітынг на плошчы Леніна; горад майстроў; прычоскі і аквагрым ад навучэнцаў Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання.

Фота на памяць са свята вышыванкі.

 

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу