Ср, 13 ноября 2024
Прогноз погоды

Вышыня пакараецца адважным.

28/01/2014 Молодёжь

16 каманд школ Кобрыншчыны з 17 па 19 студзеня прынялі актыўны ўдзел у традыцыйным зімовым раённым першынстве па турызме, якое праводзілася на базе навучальных устаноў горада. У СШ № 3 адбылося адкрыццё гэтых спаборніцтваў. Спартыўная зала часова ператварылася ў сапраўдны турыстычны палігон з сектарамі для выканання розных заданняў. Як нам паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў метадыст РЦДТ па турызме Аляксандр Кульша, заяўкі ўдзельнікаў падалі больш за сто юных аматараў гэтага віду спорту.

Адзін з самых вопытных турыстаў Кобрыншчыны метадыст навучальна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гарбар адзначыў, што з кожным годам узровень гэтых спаборніцтваў павышаецца. Адміністрацыі школ раёна з энтузіязмам падтрымліваюць развіццё турызму, набываецца адпаведны інвентар. Кожнаму спартсмену ў асабістым заліку неабходна было пераадолець кароткую турыстычную дыстанцыю: канатныя навясныя пераправы, “гаць”, ажыццявіць дзюльфер (скорасны спуск па вяроўцы на крутых і стромых сценах), падняцца па скаладроме на вышыню прыкладна сем метраў за адведзены адрэзак часу, завязаць турыстычныя вузлы і інш.Актыўны ўдзел у спаборніцтвах прымалі Вячаслаў Самасюк з СШ № 8 і Яўген Чыж з Акцябрскага дзіцячага сада–сярэдняй школы. Летась у складзе каманды Брэсцкай вобласці хлопцы заваявалі бронзавыя медалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па турызме сярод школьнікаў, якія праходзілі ў Гродзенскай вобласці. Вячаслаў адзначае, што гэты від спорту для яго асабіста стаў выдатнай магчымасцю загартаваць сваё цела і дух. Яму падабаюцца рызыка і экстрым, якія нязменна прысутнічаюць у турызме.

На другі дзень спаборніцтвы перадыслацыраваліся ў манеж СШ № 2, дзе адбыліся спартыўнае арыентаванне і камандныя спаборніцтвы на кароткай турыстычнай дыстанцыі.У выніку судзейская калегія вызначыла пераможцаў і прызёраў раённага першынства. На трэцім месцы – каманда СШ № 2, другое – у прадстаўнікоў СШ № 3, а заслужаную перамогу заваявалі турысты з Акцябрскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Лепшыя каманды ўдастоены дыпломаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.Пераможцы будуць прадстаўляць Кобрыншчыну на абласных спаборніцтвах, якія адбудуцца ў лютым у Брэсце.Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Гарбар праводзіць неабходны інструктаж юных спартсменаў; Вячаслаў Самасюк з СШ № 8 і Яўген Чыж з Акцябрскага дзіцячага сада-сярэдняй школы абмяркоўваюць ход спаборніцтваў; вось на такую вышыню паднімаўся кожны спартсмен.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу