Вс, 08 сентября 2024
Прогноз погоды

Выхоўваць Прафесіяналаў

15/03/2011 Молодёжь Образование Официально

Сёння - Дзень Канстытуцыі

Згодна з артыкуламі 41 і 49 Асноўнага Закона - Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь - грамадзянам краіны гарантуюцца правы на працу ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай, а таксама на даступнасць і бясплатнасць як сярэдняй, так і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Гарманічна і поўна такія дэмакратычныя каноны рэалізуюцца ў Кобрынскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў. Як сведчыць яго дырэктар Міхаіл Гольцман, тут на практыцы паспяхова ўкараніўся  найбольш сучасны і  эфектыўны прынцып бесперапыннай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якая дае ўнікальную магчымасць спасцігаць справу з азоў і паступова даводзіць яе да дасканаласці.

- Адміністрацыя каледжа заключыла адпаведны дагавор з кіраўніцтвам САШ №4, згодна з якім школьнікі праходзяць пачатковае працоўнае навучанне на нашай базе, - расказвае Міхаіл Львовіч. – Фактычна з ранніх гадоў  рабяты атрымліваюць першую інтэграваную дарослую прафесію – муляраў-тынкоўшчыкаў 3 разраду і адпаведнае пасведчанне. Гэта дазваляе не толькі адразу ж пасля школы зарабляць грошы ў будаўнічых арганізацыях, але і хутчэй  сарыентавацца ў жыцці. Ініцыятыва прыносіць свой плён. Многія выпускнікі гэтай і іншых школ Кобрыншчыны на базе пачатковай ці сярэдняй адукацыі з задавальненнем паступаюць у каледж.

У ДПТК будаўнікоў прадстаўлены сапраўды шырокі спектр найбольш запатрабаваных у краіне прафесій – муляр-тынкоўшчык, плітачнік, мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, электрагазазваршчык, сталяр-станочнік дрэваапрацоўчых станкоў. Як сведчыць намеснік дырэктара каледжа Ігар Барабанаў, не першы год тут дзейнічае гібкая сістэма гарантаванага размеркавання. Гэтую місію бярэ на сябе дзяржава. Наладжаны шчыльныя дзелавыя стасункі з шэрагам будаўнічых прадпрыемстваў і арганізацый не толькі Кобрыншчыны, але і Баранавіч, Пінска, якія з задавальненнем прымаюць на работу выхаванцаў кобрынскай навучальнай установы. Сацыяльная падтрымка аказваецца дзецям-сіротам, якіх у ДПТК будаўнікоў дваццаць чатыры чалавекі. У каледжы існуе так званая двухузроўневая сістэма навучання. Пасля завяршэння курса прафтэхадукацыі можна перайсці на больш высокую ступень і атрымаць кваліфікацыю тэхніка-будаўніка. Далей - без перашкод паступіць у вну.

Для якаснага навучання студэнтаў створаны максімальна спрыяльныя і камфартабельныя ўмовы. Штогод абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Кабінеты і майстэрні забяспечаны неабходным інвентаром і абсталяваннем, зроблены еўрарамонт. У сучасным інтэрнаце пражываюць 240 навучэнцаў каледжа з усіх куткоў Беларусі. Дзейнічаюць спартыўныя секцыі, тэматычныя клубы, бібліятэка, праводзяцца шматлікія конкурсы і трэнінгі, дыскавечарыны, сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, грамадскасці, духавенства, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і воінамі-інтэрнацыяналістамі.

Галоўная мэта такой дзейнасці - выхаваць чалавека, які быў бы не толькі прафесіяналам высокай пробы, але і дастойным грамадзянінам сваёй краіны.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) навучэнцы каледжа Сяргей Свістун, Руслан Ніпарка, Міхаіл Гольцман, Людміла Самасюк і Ігар Барабанаў абмяркоўваюць выданне “Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу