[caption id="attachment_37905" align="aligncenter" width="660"] Выпуск групы "Д-14" па спецыяльнасці "Тэхнлогія дрэваапрацоўчых вытворчасцяў"[/caption]
29 мая прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў чарговым выпускнікам.
- Сёння ў нас выпускаюцца дзве групы, якія атрымлівалі сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцяў” з прысваеннем кваліфікацыи “тэхнік-тэхнолаг мэблевай вытворчасці”, - расказвае дырэктар каледжа Аляксандр Юшчук. – Спадзяюся, што ўсе яны захаваюць добрую памяць пра каледж.
Тэхнік-тэхнолаг мэблевай вытворчасці – адна з самых запатрабаваных кваліфікацый. Дзякуючы высокаму ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж даўно заваяваў аўтарытэт – сёння яго выпускнікоў з нецярпеннем чакаюць вытворцы па ўсёй краіне. Яно і зразумела – для добрага майстра работа знойдзецца заўсёды.
Ёсць і такія выпускнікі, хто ўжо на сваім першым рабочым месцы будзе вучыць іншых. Менавіта такое размеркаванне атрымаў пераможца абласнога этапа міжнароднага конкурсу World Skills-2020 Арцём Грыгарук, які будзе працаваць майстрам вытворчага навучання ў Мінскім дзяржаўным прафесіянальна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Н.А. Кедышка.
- Вучоба ў каледжы – гэта незабыўны час, які запомніўся мноствам цудоўных момантаў, - адзначае Арцём. – Тут працуюць прафесіяналы сваёй справы, для якіх выхаваць нас добрымі спецыялістамі - справа гонару. Гледзячы на іх, я і сам вырашыў паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе – перадаваць моладзі тое, што ведаю і ўмею.
Дарэчы, зусім хутка Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж пачынае новы набор выпускнікоў 9, 11 класаў і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце каледжа http://kgpk.by/.
Дзмітрый БЯЛОЎ
Поделиться в соцсетях: