Не паспелі адчыніць свае дзверы выбарчыя ўчасткі, як каля іх пачаў збірацца народ — з самай раніцы кабрынчане прыйшлі сюды, каб аддаць свае галасы. Аб тым, як праходзіла работа ў гэты дзень, расказвае старшыня выбарчай камісіі ўчастка №12, які размяшчаўся ў Палацы культуры, Валянціна Пакалюк:
- Актыўнасць грамадзян вельмі высокая. Значная колькасць прагаласавала датэрмінова, але і сёння яшчэ да адкрыцця перад дзвярыма сабралася чарга. Людзі самага рознага ўзросту — ад моладзі да пенсіянераў. Прыходзяць і цэлымі сем'ямі. Для ўсіх, хто галасуе на нашым участку, работнікі Палаца культуры падрыхтавалі і своеасаблівыя падарункі — так, у гэты дзень тут выступаюць нашы творчыя калектывы.
Вялікую актыўнасць праяўлялі выбаршчыкі і на ўчастку №2, які размясціўся ў САШ №8. Яна тут пачала праяўляцца яшчэ ў час датэрміновага галасавання — так, з 2596-ці бюлетэняў датэрмінова было выкарыстана 442. Мы наведалі САШ №8 у час, калі да сталоў выбарчай камісіі выстройваліся чэргі, а самі члены камісіі ледзь паспявалі спраўляцца са сваімі абавязкамі.
Дарэчы, паказальны факт – людзі, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, вельмі адкрыта і добразычліва ішлі на кантакт з прэсай. Муж і жонка Варанецкія прыйшлі на выбары ўсёй сям'ёй, уключаючы маленькага Радзівона. Ён, дарэчы, таксама праявіў да выбараў вялікую цікавасць — і нават паспеў зазірнуць разам з мамай у кабінку для галасавання.
- Для нас выбары — гэта вельмі адказна, - расказваюць муж і жонка Варанецкія. - Менавіта сёння мы галасуем за наша заўтра.
Актыўна праходзіла выбарчая кампанія і ў сельскай мясцовасці. Мы наведалі выбарчы ўчастак №49, што ў вёсцы Астромічы. Літаральна за паўгадзіны пасля адкрыцця тут ужо прагаласавала больш 10-ці чалавек. Значная частка грамадзян — каля 26-ці працэнтаў —прагаласавала датэрмінова.
- Першымі пайшлі людзі, што называецца, сталага ўзросту, - расказвае старшыня выбарчай камісіі Валянцін Пазняк. - А потым падцягнулася і моладзь.
- Упэўнены, што прыняць удзел у выбарах — абавязак кожнага з нас, - дзеліцца сваімі думкамі жыхар вёскі Астромічы Віталь Марчук. - Наша абгрунтаванае і ўзважанае рашэнне — гэта таксама ўклад у развіццё краіны.
Калі ж падвесці вынік нашай паездкі па выбарчых участках Кобрыншчыны, можна зрабіць вывад, што ў гэты дзень работа выбарчых камісій праходзіла спакойна і арганізавана. Ход выбараў пацвердзіў, што кабрынчанам не абыякавы лёс краіны, і ў яго вызначэнні яны прынялі актыўны ўдзел. Людзі не проста выбіралі Прэзідэнта. У першую чаргу яны галасавалі за сваю Радзіму — за тое, каб яна квітнела і развівалася. Рабілі абгрунтаваны выбар на карысць жыцця сваіх дзяцей і шчаслівай будучыні.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: