Прогноз погоды
Пн, 16 июня 2025

Вяртанне святыні: асвяцілі крыж на месцы страчанага храма у в. Залессе

16/06/2025 Наши люди Залесский сельсовет Свет веры ОМЕЛЬЯНЧУК

7 чэрвеня на залескіх могілках адбылася значная для мясцовых жыхароў падзея – асвячэнне памятнага знака на месцы разбуранага ў 1963 годзе храма ў імя трох свяціцеляў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуста.

16 июня, "Кобринский вестник"/ Гэты дзень стаў новай вяхой у гісторыі вёскі, нагадаўшы пра духоўныя карані і трагічныя старонкі мінулага.

Знак усталяваны ў тым месцы, дзе, па здагадках, знаходзіўся алтар царквы. Да гэтага часу побач ляжаць вуглавыя камяні падмурка яе сцен. Храм быў пабудаваны ў 1863 годзе і прастаяў роўна сто гадоў, стаўшы неад'емнай часткай жыцця некалькіх пакаленняў вяскоўцаў.

Дзіўна, але ніводнай фатаграфіі царквы дагэтуль не знойдзена – яе вобраз захаваўся толькі ва ўспамінах відавочцаў.

Чын асвячэння і агульную паніхіду за родных і блізкіх здзейснілі настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Кобрыне протаіерэй Аляксандр Канцэвіч, а таксама клірыкі храма протаіерэй Сергій Кіслюк і протаіерэй Анатоль Пучынскі.

photo 2025 06 07 15 06 00

У Траецкую бацькоўскую суботу Царква асабліва ўзносіць малітвы аб душах памерлых без Пакаяння і Прычашчэння Святых Хрыстовых Таямніц. Таксама былі ўзнесены малітвы і пра тых, хто спрычыніўся да разбурэння храма.

– Месца, дзе маліліся нашы продкі, нікуды не знікла, адзначыў у сваёй пропаведзі айцец Аляксандр. – Усталёўка памятнага знака дапамагае ўзнавіць святыню ў сэрцах і злучыцца з пакаленнямі вернікаў, якія маліліся тут да нас.

photo 2025 06 07 15 06 19

Гісторыя разбурэння храма ў Залессі – гэта боль, якую да гэтага часу памятаюць мясцовыя жыхары. У 1963 годзе, у разгар антырэлігійнай кампаніі, царква была разабрана. Да прац прыцягнулі вытворчую брыгаду старшакласнікаў. Хлопчыкаў далучылі да разбору святыні, а з дрэва і цэглы пабудавалі школьны хлеў.

Падлога ў гэтым хляве, якую выклалі з царкоўнай цэглы, захавалася да гэтага часу. На бярвёнах, выкарыстаных у будаўніцтве, бачныя паглыбленні, у якіх калісьці магчыма стаялі іконы і царкоўнае начынне.

Відавочцы ўзгадваюць, як шмат людзей сабралася тады. Жанчыны плакалі, дзеці стаялі ў здзіўленні. Людміла Рымарук, адна з жыхарак вёскі, успамінае, як прыйшла з бабуляй:

«Жанчыны галасілі, абразы выносілі і спальвалі на вогнішчы. Гэта немагчыма забыць».

Царква ў Залессі была прыпіснай да Петрапаўлаўскага храма, і набажэнствы тут здзяйсняліся толькі па вялікіх святах. Аднак храм быў духоўным цэнтрам вёскі. Адзін з прыхаджан, Васіль Валасюк, успамінае, як прысутнічаў на сваёй першай споведзі менавіта ў гэтым храме.

photo 2025 06 07 15 06 04

У вёсцы і сёння жывуць тыя, хто памятае царкву. Яўгенія Новік паказала месца, дзе стаяў храм, і ўпрыгожыла крыж ручніком – сімвалам памяці і павагі да святыні. З часам месца было забыта, на яго тэрыторыі з'явіліся пахаванні, але памяць пра храм жыла ў сэрцах.

Цяпер, дзякуючы намаганням прыхода і неабыякавых людзей, памяць аб разбуранай святыні зноў здабыла форму – у выглядзе сціплага, але значнага памятнага знака.

photo 2025 06 07 15 06 07

photo 2025 06 07 15 06 12

Гэта не толькі напамін пра мінулае, але і надзея на духоўнае адраджэнне, на вяртанне да вытокаў і веры, якая перажыла нават самыя цяжкія часы.

photo 2025 06 07 15 05 53

Тэкст і фота Ірыны АМЕЛЬЯНЧУК

Поделиться в соцсетях:


Последние новости