Чт, 05 декабря 2024
Прогноз погоды

Вучыцца працаваць якасна

10/01/2011 Социум Образование Творчество

Працаўладкаванне грамадзян – пытанне, якое ніколі не страчвае сваёй актуальнасці. Менавіта аб гэтым на мінулым тыдні вялася гаворка на выніковым мерапрыемстве Кобрынскай УА “Усенавуч”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, Кобрынскага ТЦСАН, нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларусі і іншыя зацікаўленыя структуры.

Кіраўнік  “Усенавуча” Іна Ходас у выглядзе слайд-прэзентацыі азнаёміла прысутных з канцэпцыяй  праекта “Развіццё адукацыі дарослых у Беларусі”.  Яго рэалізацыя распачалася летась. У гэтыя дні група з васьмі чалавек заканчвае двухмесячныя курсы сталяроў-цесляроў на базе старажытнай сядзібы Радзевічаў у в. Грушава. Як паказаў маніторынг мясцовага кірмашу вакансій, гэта прафесія з’яўляецца заўсёды запатрабаванай у наймальнікаў. Навучэнцы атрымаюць пасведчанні ўстаноўленага ўзору, і ім будзе прысвоены другі разрад, што дазволіць  самастойна працаўладкавацца.

Як адзначыў народны майстар, метадыст УА “Усенавуч” Уладзімір Чыквін, гэта ініцыятыва дае цудоўную магчымасць упэўнена  авалодваць сакрэтамі рамёстваў Кобрынскага раёна, якія ўдасканалены сучаснымі прыёмамі. У Грушаве  рукамі пачынаючых сталяроў і цесляроў зроблены  альтанкі з дрэва, вырабляюцца аснова для калодзежа, веранда, вокны. Курсы сталяроў-цесляроў дапоўнены яшчэ і дадатковымі модулямі “Асновы эканамічных ведаў і прадпрымальніцтва”, якія даюць неабходны мінімум інфармацыі. Такі крок арыентаваны на тых, хто жадае распачаць уласную справу.

Паводле слоў загадчыка аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН Элы Скалковіч, кабрынчане, асабліва моладзь з абмежаванымі магчымасцямі, з  зацікаўленасцю ўспрынялі працоўную рэабілітацыю, якую прапануе УА “Усенавуч”.  Па стане на 1 студзеня па  праграме “разьба па дрэве і вырабы з галінак” займаецца група з адзінаццаці чалавек. Таксама да праграм “Усенавуча” далучыўся і клуб “Малады ўзрост” пры ТЦСАН.

Іна Ходас адзначыла, што ўсе існуючыя напрацоўкі  абавязкова будуць мець сваё далейшае развіццё. У бліжэйшых планах - рэканструкцыя старажытнай сядзібы Радзевічаў у в. Грушава. Пазней тут можна будзе адкрыць турыстычна-адукацыйны цэнтр з культурна-гістарычным музеем “Дзевайціс”. У Грушаве паявіцца магчымасць праводзіць курсы для гаспадароў аграэкасядзіб, якія робяць першыя крокі ў гэтай галіне бізнесу, эскурсаводаў па “зялёных” маршрутах Брэсцкай вобласці, арганізоўваць святочныя  мерапрыемствы і інш. Гэта яшчэ і цудоўны шанц стварыць чарговы турыстычны аб’ект з прыцягненнем новых інвестыцый.

Начальнік аддзела занятасці  ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Кузіч адзначыла, што органы выканаўчай улады гатовы разгледзець любыя канструктыўныя прапановы і ўсебакова падтрымаць ініцыятыву не толькі дзяржаўных, але і прыватных структур, якія б распрацавалі і ўкаранілі апасродкаваную  і эфектыўную мадэль навучання і працаўладкавання кабрынчан.

Раман Мельнік.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: народны майстар Уладзімір Чыквін дэманструе вырабы сваіх выхаванцаў; у працэсе выніковага мерапрыемства УА “Усенавуч”.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу