Упершыню на Кобрыншчыне ў мінулую сераду пад эгідай РК ГА “БРСМ” і раённай кінавідэасеткі ў кінатэатры “Радуга” адбыўся міжрэгіянальны фестываль-конкурс “Млын ідэй”. Да ўдзелу былі запрошаны больш за 150 юнакоў і дзяўчат не толькі з навучальных устаноў Кобрыншчыны, але і прадстаўнікі з Жабінкі, Камянца і Брэста. Кожнаму патрэбна было праявіць свае творчыя здольнасці ў шэрагу дысцыплін на выбар: вакале, харэаграфіі, акцёрскім майстэрстве, размоўным і арыгінальным жанрах, дызайне.
Яшчэ да пачатку фэсту ў фае кінатэатра, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Увазе моладзі была прапанавана выстава прэзентацый у межах агульнарэспубліканскага доўгатэрміновага праекта ГА “БРСМ” “100 ідэй для Беларусі”. Свае работы шырокай аўдыторыі прадставілі разам навучэнцы, педагагічныя калектывы і адміністрацыя ДПТК будаўнікоў, Кобрынскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, і Кобрынскга дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання, якія былі прысвечаны тэмам эканоміі і беражлівасці, рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, гістарычнай тэматыцы і інш. Таксма наведвальнікам прапаноўваўся шэраг прафарыентацыйных відэапрэзентацый, майстар-класаў, кансультацый, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі аддзела занятасці насельніцтва райвыканкама, філіяла №113 ААТ “ААБ “Беларусбанк”, Кобрынскай ЦРБ і інш.Адзіны вялікі “карагод” спеваў, танцаў, эксцэнтрычных творчых нумароў з удзелам біт-боксераў, пачынаючых мадэльераў, гумарыстаў, паэтаў з першых імгненняў захапіў глядзельную залу.…Амаль чатыры гадзіны выступленняў на сцэне праляцелі непрыкметна. Першыя месцы занялі Артур Клімайціс за нумар “Бармен-шоу” і ліцэй сферы абслугоўвання (дысцыпліны “Дызайн і мадэль” і “Акцёрскае майстэрства”). Дарэчы, ліцэісты былі запрошаны ў Брэст на абласны конкурс маладых мадэльераў і дызайнераў “Стыль”. У размоўным жанры перамагла Зінаіда Жэгждрын з СШ №3, у харэаграфіі – гурт “Танцавальны арт-бом” з Камянца, сярод вакальных калектываў - студыя эстраднай песні “Аіда” пры Кобрынскім Палацы культуры. А лепшай вакалісткай прызнана Вікторыя Дубок, якая з’яўляецца салісткай гэтай жа студыі. Кожны з удзельнікаў быў узнагароджаны дыпломамі, а пераможцы і прызёры яшчэ і прыемнымі падарункамі ад РК ГА “БРСМ” і раённай кінавідэасеткі.Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: першы сакратар РК ГА “БРСМ” Людміла Чырун з пераможцамі і прызёрамі “Млына ідэй”.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: