Папулярызацыя і развіццё фізкультуры і спорту ў рэгіёнах -адзін з галоўных прыярытэтаў у нашай краіне. Менавіта ў “глыбінцы” часцей за ўсё пачынаецца выхаванне будучых трыумфатараў алімпіяд і іншых прэстыжных стартаў. У гэтым працэсе ўдзельнічае і Кобрыншчына, дзе існуюць шматгадовыя спартыўныя традыцыі. Больш падрабязна аб стане спраў напярэдадні свайго прафесійнага свята расказвае начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Васіль ЗНАХАРЧУК.
- З задавальненнем адзначу, што ў нашым раёне сёння культывіруецца 13 відаў спорту, больш за 15 тысяч жыхароў рэгулярна займаюцца фізічнай культурай. Мінулы год быў насычаным на спартыўныя падзеі. Кобрыншчына ў чарговы раз прымала ўдзельнікаў міжнародных турніраў па хакеі, дзюдо, боксе і інш. Нашы спартсмены неаднаразова перамагалі і займалі прызавыя месцы. Традыцыйна праводзіліся круглагадовыя раённыя спартакіяды сярод калектываў фізкультуры прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна, міжгаліновыя спаборніцтвы, турыстычныя злёты. Рэалізаваць усе гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы нам перш за ўсё дапамагае ўнікальная сучасная спартыўная база, якая была і застаецца даступнай кожнаму. Сапраўднай жамчужынай горада з’яўляецца абноўлены стадыён “Юнацтва”. Прыемна, што ў перыяд правядзення, напрыклад, футбольных матчаў першай лігі Рэспублікі Беларусь, гульняў чэмпіянату вобласці трыбуны, разлічаныя на 3400 пасадачных месцаў, усё шчыльней запаўняюцца мясцовымі балельшчыкамі. Шмат часу і намаганняў прыкладаецца для таго, каб выхоўваць годны рэзерв юных футбалістаў, фарміраваць культуру фан-клубаў. Аддзел, які я ўзначальваю, летась і сёлета выступіў афіцыйным партнёрам пры правядзенні спаборніцтваў па міні-футболе “Трыумф-лігі”, якія праводзяцца грамадскімі энтузіястамі як у горадзе, так і ў вёсцы. Новы імпульс атрымала развіццё хакея на траве і з шайбай.
Напярэдадні прафесійнага свята хочацца шчыра і ад усяго сэрца падзякаваць сваім калегам за плённую працу. Гэта перш-наперш кіраўнікі спартыўных і фізкультурных збудаванняў Кобрыншчыны, якія з гонарам выконваюць свае абавязкі, – Анатоль Трубчык, Вячаслаў Эльберг, Віктар Грэнь, Вячаслаў Баярчук, Мікалай Лазарчук і многія іншыя. Заўсёды, як кажуць, “на перадавой” мясцовага спорту знаходзяцца трэнеры СДЮШАР і настаўнікі фізкультуры на сяле – Аляксандр Астапук, Андрэй Пашковіч, Валерый Іванюк, Мікалай Чопік, і гэты спіс можна працягваць. Вялікая ўдзячнасць ветэранам спорту, якія знаходзяцца яшчэ ў страі і перадаюць маладой змене свае веды і вопыт. Гэта Аляксандр і Анатоль Сідзюкі, Аляксандр Бродка, Віталь Гогалеў, Аляксей Андрасюк, Сцяпан Давідзюк і інш. Усім гэтым людзям жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў і каб спартыўная фартуна была заўсёды прыхільнай для кабрынчан.
Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: