У гэтыя дні Кобрынскі Спаскі жаночы манастыр адзначае сваё 550-годдзе з моманту яго першага пісьмовага ўпамінання. У рамках святкавання знамянальнай даты ўжо адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, пра якую мы расказвалі на старонках нашай газеты. А ў нядзелю прайшоў дабрачынны канцэрт, атрыманыя сродкі ад якога пойдуць на далейшую рэканструкцыю абіцелі. Ініцыятарам выступіла праваслаўнае маладзёжнае брацтва.
Адкрыў канцэртную праграму ўзорны хор дзіцячай школы мастацтваў “Купалінка”. З песнямі аб галоўным у жыцці – веры і надзеі - выступіў хор Свята-Аляксандра-Неўскага сабора. Ад сугучча прыгожых мужчынскіх і жаночых галасоў, ад глыбіні сэнсу песень па целе беглі дрыжыкі, а думкі станавіліся светлымі.
На змену дарослым выйшлі дзеці. Іх маленькія сэрцы, перапоўненыя любоўю і верай, аддавалі свой пазітыў у залу. Пад песню пра каханне, якая так і называлася, ў многіх выступілі слёзы. Сам верш трапіў у брацтва выпадкова, але словы аказаліся настолькі глыбокімі, што маладыя людзі напісалі музыку да іх. Было прыемна слухаць і зусім маленькіх выканаўцаў, якія нягледзячы на ўзрост выконвалі з разуменнем свае песні – пра мір, любоў, веру, надзею.
Потым гледачы былі запрошаны на баль – моладзь прадэманстравала ўменне танцаваць пад папуры розных вальсаў. Дзяўчаты ў ажурных белых, сініх сукенках і галантныя кавалеры перанеслі нас у дзевятнаццатае стагоддзе.
Наперадзе гледачоў чакала яшчэ адна вельмі цікавая дзея – невялікая п’еса аб жыцці Казіміра Малевіча і гісторыі з’яўлення на свет яго вядомай карціны “Чорны квадрат”.
Сваю творчасць гасцям таксама дарылі акрабатычны гурток “Вяснушкі” і студыя танца “Амадэус” Палаца культуры, узорны эстрадны ансамбль “Крыніца” Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці.
У канцы праграмы да гледачоў звярнуўся благачынны цэркваў Кобрынскага раёна протаіерэй Багдан Хама. Ён падзякаваў усім, хто прыйшоў на канцэрт, хто падтрымаў вялікую справу – працяг рэканструкцыі манастыра, выказаў падзяку мясцовай уладзе, якая таксама не засталася ўбаку. Такую ж думку выказала і настаяцельніца манастыра Ефрасіння. Пасля гэтага благачынны ўручыў падзякі ўсім, хто дапамог у падрыхтоўцы канцэрта. Сярод іх - дырэктар Палаца культуры Валянціна Пакалюк, педагогі, тэхнічныя супрацоўнікі гэтай установы і іншыя.
Нягледзяцы на халоднае надвор’е ў час канцэрта ў зале было вельмі цёпла, і не толькі ад вялікай колькасці людзей, але і ад неабыякавых сэрцаў, якія ведаюць, што толькі разам можна зрабіць шмат добрага – трэба толькі прыкласці крышачку намаганняў і абавязкова верыць.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.