Сертыфікаты стыпендыятаў ад прафсаюза лёгкай прамысловасці, якія атрымліваюць лепшыя навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі, – ацэнка таго, што іх уладальнікі вызначаюцца сваімі талентамі, стараннасцю, працавітасцю і энтузіязмам у авалодванні абранай прафесіяй. Менавіта такія ўзнагароды за выдатную вучобу нядаўна ў чарговы раз знайшлі сваіх уладальнікаў у Кобрынскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сферы абслугоўвання.
- Станаўленне прафесіянала пачынаецца менавіта тут – за партай навучальнай установы, калі пачынаюць крышталізавацца першыя працоўныя навыкі і адносіны да сваёй справы, - разважае старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці Ірына Бахмуцкова. – Мы не першы год супрацоўнічаем з Кобрынскім ліцэем сферы абслугоўвання. Хацелася б адзначыць з задавальненнем - тут сёння ёсць усе ўмовы для выхавання сапраўдных спецыялістаў сваёй справы.
Нагадаем, што ў мінулым годзе ліцэй сферы абслугоўвання таксама вызначыўся сертыфікатам ад прафсаюза – тады ім была адзначана Марыя Кашалюк. Сёлета колькасць стыпендыятаў павялічылася ўдвая – сертыфікат і стыпендыю Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці атрымала Юля Артамонава, а сертыфікат і стыпендыя Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці дасталіся Настассі Брашавец.
Як адзначылі пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання самі дзяўчынкі, на заканчэнні ліцэя сваю адукацыю яны спыняць не збіраюцца і плануюць вучыцца далей, у прыватнасці – паступаць па спецыяльнасці тэхнолага. Будзем спадзявацца, што падарункі ад прафсаюзаў стануць для іх чарговым добрым стымулам на шляху самаўдасканалення – і што праз некалькі гадоў яны абавязкова знойдуць сваё месца ў лёгкай прамысловасці Беларусі, каб высакаякаснай працай у чарговы раз абараніць гонар сваёй навучальнай установы і ўсёй нашай Кобрыншчыны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: