Прогноз погоды
Вс, 13 июля 2025

У новы навучальны год - з новымі сіламі

02/09/2019

Здаецца, зусім нядаўна рамантычна гучалі акорды школьнага вальса на выпускных вечарах, а ўжо сёння новае пакаленне кабрынчан сядзе за парты.

У гэтым навучальным годзе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Кобрыншчыны будуць наведваць каля 11 тыс. школьнікаў, дзіцячыя сады напоўняцца галасамі амаль 4 тыс. выхаванцаў. Як зрабіць іх навучанне плённым? Аб гэтым педагогі раёна размаўлялі на прафесіянальнай нарадзе, якая адбылася 27 жніўня ў Палацы культуры.

Перад пачаткам канферэнцыі ўдзельнікі наведалі выставу «Праз творчасць і  даследаванне да прафесіянальнага  самавызначэння», на якой былі прадстаўлены цікавыя педагагічныя вынаходніцтвы.

Слайд-шоу «Адукацыя Кобрыншчыны ў асобах» пазнаёміла прысутных з педагогамі і навучэнцамі, якія сваімі поспехамі складаюць імідж сістэмы адукцыі раёна ў вобласці і рэспубліцы. Свае віншаванні педагогам адрасавалі намеснік старшыні Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Валянцін Трубчык і старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас педагогаў, якія ўнеслі найбольш значны ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.

Аб стане і асноўных накірунках удасканалення сістэмы адукацыі раёна гаварыла ў дакладзе начальнік аддзела па адукацыі  Галіна Радковіч. Прысутных уразілі вынікі мінулага навучальнага года і ўступнай кампаніі. У вышэйшыя навучальныя ўстановы паступіла больш палавіны выпускнікоў. Звыш 30% сталі навучэнцамі сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Усе 29 медалістаў пацвердзілі свае веды і паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання раён заняў 10-е месца сярод 20 раёнаў вобласці. Дзве выпускніцы нашых устаноў – Марына  Цыбульнікава (СШ №8) і Ганна Ануфрыюк (СШ №1) – атрымалі стобальныя сертыфікаты па беларускай і рускай мовах.  Добры вынік паказалі на ЦТ выпускнікі гімназіі, заняўшы 10 радок у рэйтынгавай табліцы сярод 33 устаноў новага тыпу вобласці.

Сярод стратэгічных арыенціраў развіцця  сістэмы адукацыі Кобрынскага раёна былі вызначаны профільнае навучанне, прафесіянальная падрыхтоўка, патрыятычнае выхаванне, што дае станоўчыя вынікі. Пра некаторыя з іх яскрава і красамоўна распавядалі дэлегаты саміх устаноў. Вопытам прафарыентацыйнай работы з вучнямі і падрыхтоўкі іх да свядомага прафесіянальнага выбару падзялілася творчая група з СШ №2. Вучні Дзівінскай сярэдняй школы прадэманстравалі гледачам ўменні, якія яны атрымліваюць на занятках факультатыва «Юны пагранічнік» праз цеснае ўзаемадзеянне з пагранічнай заставай «Дзівін».  СШ №9 з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па ўкараненні мадэлі сучаснага псіхолага-педагагічнага суправаджэння адораных дзяцей на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Творчая група педагогаў дашкольнай адукацыі прэзентавала “Дзіцячы атлас Кобрынскага раёна”, які знаёміць дзяцей з тым,  чым ганарыцца наш край.

Жнівеньская нарада дала старт новаму навучальнаму году – важнаму і адказнаму часу, які  павінен прынесці максімум ведаў, карысці і поспехаў.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

На здымку аўтара: у час выставы; узнагароду Валянціне Ігнацюк уручае намеснік старшыні  Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык.

 

 

Поделиться в соцсетях: