Напал эмоцый, напружаныя матчы, цудоўны настрой… Менавіта ў такой атмасферы з 6 па 9 мая ў лядовай арэне праводзіўся традыцыйны міжнародны турнір па хакеі, прысвечаны Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. У спаборніцтвах прынялі ўдзел спартсмены 2002 года нараджэння з маскоўскіх хакейных клубаў “Снежныя барсы”, “Сярэбраныя акулы”, “Алімпіец”, а таксама хакеісты з Віцебска, Салігорска, Пінска, Кобрына і аб’яднаная каманда Брэсцкай вобласці.
Як паведаміў намеснік дырэктара лядовай арэны Вадзім Мірашнічэнка, кобрынскія спартсмены рыхтаваліся з усёй адказнасцю. У склад каманды ўвайшлі юныя “зорачкі” хакея, якія добра сябе зарэкамендавалі ў міжнародных спаборнцтвах і гульнях чэмпіянату Рэспублікі Беларусь: Уладзімір Ануфрыюк, Ягор Юргель, Аляксандр Алясюк, Аляксандр Касынюк і інш.
На трыбунах у час матчаў было шмат балельшчыкаў, у тым ліку і з Расіі. Галоўны трэнер маскоўскага клуба “Сярэбраныя акулы” Сяргей Зімакоў другі раз прывёз сваю хакейную дружыну ў Кобрын на гэтыя старты. У інтэрв’ю карэспандэнту “КВ” ён станоўча ацаніў узровень арганізацыі спаборніцтваў, судзейства, гасцінны прыём, адзначыў, што турнір такога кшталту для яго каманды з’яўляецца выдатнай магчымасцю набыць каштоўны гульнявы вопыт.
Напэўна самыя драматычныя баталіі ў лядовай арэне разгарнуліся 9 мая ў фінальным матчы паміж камандамі Кобрына і Брэсцкай вобласці. У першым перыядзе кабрынчане імкліва забілі дзве шайбы. Хутка лік зраўняўся. У выніку сапернікі выйгралі з лікам 8:3. Кабрынчане занялі трэцяе месца. Другое месца - у каманды з Салігорска. А перамаглі спартсмены Брэсцкай вобласці. Таксама былі вызначаны лепшыя ігракі турніру. Самым выніковым нападаючым прызнаны наш зямляк Уладзімір Ануфрыюк.
Ва ўрачыстай абстаноўцы дыпломы, медалі і кубкі пераможцам уручыў заўзяты прыхільнік хакея дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля, які павіншаваў спартсменаў з Днём Перамогі, пажадаў ім моцнага здароўя і новых спартыўных дасягненняў.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКАХ: Аляксандр Зазуля з кобрынскай камандай; момант гульні; хакейны клуб “Алімпіец” (Масква); юныя балельшчыкі; спартыўныя трафеі.
Поделиться в соцсетях: