У адпаведнасці з заканадаўствам
8 з 15 палітычных партый у Беларусі вылучылі сваіх кандыдатаў у склады выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання. Аб гэтым 14 снежня паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў Мінаблвыканкаме на семінары-нарадзе па агульных пытаннях арганізацыі і правядзення мясцовых выбараў. «У склады выбаркамаў вылучылі прадстаўнікоў Кампартыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Аб’яднаная грамадзянская партыя, БНФ, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды і Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя.З грамадскіх арганізацый найбольшую колькасць кандыдатаў у члены выбаркамаў вылучыла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Далей ідуць РГА «Белая Русь» і Беларускі саюз жанчын», – праінфармавала Лідзія Ярмошына. Старшыня Цэнтрвыбаркама канкрэтызавала, што ўваходжанне ў склады тэрытарыяльных выбарчых камісій прадстаўнікоў палітычных партый узрасло не намнога. У цэлым па рэспубліцы ў параўнанні з мінулымі мясцовымі выбарамі іх прадстаўніцтва павялічылася на 0,4 працэнта і дасягнула 1,2 працэнта ад агульнай колькасці членаў. Вялікую актыўнасць палітычныя партыі праявілі пры вылучэнні членаў акруговых выбаркамаў. Тут доля іх прадстаўніцтва дасягнула 5,3 працэнта (усяго 233 члены). Гаворачы аб ходзе выбарчай кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы ў Мінскай вобласці, Лідзія Ярмошына адзначыла фарміраванне выбаркамаў у строгай адпаведнасці з заканадаўствам. Там, дзе быў конкурс на ўключэнне ў іх склад, праходзіла персанальнае галасаванне па кожнай кандыдатуры, было зразумела, чаму прымалася рашэнне на карысць таго ці іншага кандыдата.
Поделиться в соцсетях: