Уладзіслаў Ізмадэнаў, Вольга Усовіч, Аркадзь Лукашык.
ААТ “Гарадзец-агра” – адна з буйнейшых гаспадарак Кобрынскага раёна, таму і не дзіва, што працавітых рук тут удвая больш трэба. Толькі плошча сельгасугоддзяў складае больш за 15 тыс. га. Належнага догляду патрабуе і пагалоўе буйной рагатай жывёлы – у гаспадарцы больш за 12 тыс. галоў. Радуе кіраўніцтва гаспадаркі той факт, што разам з вопытнымі спецыялістамі, якія не першы год працуюць на гэтай зямлі, дружна шчыруе і моладзь. Прыехаўшы аднойчы ў гаспадарку на адпрацоўку, многія маладыя спецыялісты засталіся тут надоўга, некаторыя стварылі сем’і. Толькі ў мінулым годзе ААТ “Гарадзец-агра” папоўнілася сямю маладымі спецыялістамі, яшчэ трое прыйшло сюды ў 2020 годзе.Амаль паўтара года працуе ветэрынарным урачом у ААТ “Гарадзец-агра” Вольга Усовіч. Нягледзячы на тое, што сама Вольга нарадзілася і вырасла ў абласным цэнтры – Брэсце, да вясковага жыцця прывыкла хутка. Заўважае, што, калі выбірала сабе прафесію, а дзяўчына закончыла Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, гатова была да таго, што працаваць, магчыма, прыйдзецца ў вёсцы.
- Галоўнае, трэба любіць сваю справу. Я з дзяцінства хацела дапамагаць жывёлам, клапаціцца пра іх. Большая палова майго працоўнага дня праходзіць сярод кароў і цялят. Я адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай, калі на давераным мне ўчастку - на малочнатаварнай ферме ў вёсцы Акцябр усё добра.
Безумоўна, дапамагае Вольга і сваім калегам. Так, яе слушнымі парадамі карыстаецца малады ветфельчар Аркадзь Лукашык, які працуе на МТФ у Гарадцы.
Аркадзь заўважае, што трапіў у сваю прафесію выпадкова – пасля заканчэння школы марыў пра другую спецыяльнасць. Але так склаліся абставіны, што пайшоў вучыцца ў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж. Папрасіцца на работу ў ААТ “Гарадзец-агра” параіў сябар з каледжа. Ужо на месцы Аркадзь зразумеў, што яму падабаецца тое, чым ён займаецца. Каб павысіць свае веды, юнак паступіў завочна ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
А вось яшчэ адзін малады спецыяліст гаспадаркі Уладзіслаў Ізмадэнаў не ўяўляе свайго жыцця без тэхнікі. Інжынер-механік пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта трапіў па размеркаванні на Гродзеншчыну:- Хацелася вярнуцца на радзіму, на Кобрыншчыну. І калі такая магчымасць выпала, перавёўся ў Гарадзец.
Дзень ва Уладзіслава, як і ў Вольгі і Аркадзя, пралятае ў клопаце і думках пра работу. - Тэхніка – хоць і нежывая істота, і не баліць ёй, але догляд любіць і павінна працаваць без збою. Адно адрамантаваць трэба, другое купіць. Калі своечасова ўсё не зробіш, то і ўраджай якасна не збярэш, - расказвае юнак.
Моладзь заўважае, што ўмовы для пражывання ў іх добрыя - усіх жадаючых гаспадарка забяспечыла жыллём. Адчуваюць яны як добрую падтрымку з боку старэйшых калег, якія заўсёды гатовы падзяліцца вопытам, так і матэрыяльную ў выглядзе выплат як маладым спецыялістам. Пра планы на будучыню далёка не загадваюць. Больш думаюць пра дзень сённяшні.
- Расці трэба, вопыту набірацца, каб прыносіць карысць краіне, а не мітусіцца і шукаць месца, дзе можа быць лепш. Чалавек сам стварае сабе ўмовы для жыцця і камфорту, і зусім не важна ў горадзе ты жывеш ці ў вёсцы, у вялікай гаспадарцы ці малой. Калі ў цябе ёсць жаданне дабіцца сваёй мэты, ты абавязкова яе здзейсніш, - упэўнена Вольга.
Кіраўніцтва ж у сваю чаргу юнакоў і дзяўчат хваліць, адзначаючы, што вельмі адказна падыходзяць да сваіх абавязкаў – ім не страшна нічога даверыць. Калі моладзь вырашыць застацца на гарадзецкай зямлі назаўсёды, будуць толькі рады.
Алена БАКУН.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: