Першыя звесткі аб Кобрынскім хлебакамбінаце ў архіўных дакументах датаваны 1946 годам. У той час у склад яго ўваходзілі дзве хлебапякарні. У 1951 годзе Кобрынскі хлебакамбінат і райхарчкамбінат зліліся ў адну арганізацыю. Так пачалася гісторыя Кобрынскага хлебазавода. Для новаспечанага прадпрыемства быў выдзелены ўчастак з даўгабудам у цэнтры жылога квартала па вуліцы Матросава. Завяршыць будаўніцтва, якое было распачата яшчэ да вайны і будавалася гаспадарчым спосабам без праектнай дакументацыі, удалося толькі ў 1954 годзе. Першым дырэктарам Кобрынскага хлебазавода быў Міхаіл Абразцоў. Прадпрыемства вырабляла да 30 тон хлебапрадукцыі ў суткі. Попыт на хлеб быў вельмі вялікі, і ў 1958 годзе дадаткова пабудавалі булачны цэх.31 снежня 1992 года быў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак хлебазавода па вуліцы Савецкай. Былі абсталяваны два асноўныя цэхі: хлебабулачны і кандытарскі, а таксама дапаможныя тэхнічныя службы.За час сваёй дзейнасці прадпрыемства неаднаразова змяняла сваю назву. Цяпер гэта філіял ААТ “Берасцейскі пекар” Кобрынскі хлебазавод. Прадпрыемства выпускае высакаякасную прадукцыю, якая задавальняе пакупніцкі попыт насельніцтва горада і раёна. Тут сістэматычна вядзецца работа па абнаўленні абсталявання. Асартымент вырабаў налічвае каля 163 найменняў. У суткі тут вырабляюць 17 тон хлебабулачнай прадукцыі і 1,9 тоны кандытарскай. Арганізаваны ведамасны гандаль, які прадстаўлены пяццю магазінамі, тры з якіх – фірменныя. Ёсць уласны аўтапарк, у якім 17 адзінак транспарту.Цяпло, з якім супрацоўнікі Кобрынскага хлебазавода ставяцца да сваёй працы, стала асновай выдатных вынікаў прадпрыемства. Хлебабулачныя і кандытарскія вырабы нашых хлебапёкаў атрымліваюць узнагароды на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і конкурсах. Так, сёлета ў рэспубліканскім аглядзе якасці “Ласунак” залатым медалём адзначаны хлеб пшанічны “Ратнікаўскі”, бронзавым медалём – торт “Мара”. Шмат разоў Кобрынскі хлебазавод прымаў удзел у конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, дзе яго прадукцыя станавілася лаўрэатам.Памятаюць на прадпрыемстве і пра ветэранаў. “Столькі клопату пра нас, такое адчуванне, быццам і не выходзіла на пенсію”, - падзялілася ветэран Кобрынскага хлебазавода Ева Навумук. Такія ўжо яны людзі, хлебапёкі, прызваныя дзяліцца цяплом.Людміла ДУБІНА.НА ЗДЫМКУ: ветэран хлебазавода Ева Навумук (злева) і дырэктар філіяла ААТ “Берасцейскі пекар” Кобрынскі хлебазавод Аляксандр Хамук.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: