Таццяна АСТАПУК: “За любым поспехам – карпатлівая работа”
У паштовую сферу Таццяну Астапук прывяло само жыццё. На пасаду паштальёна ў аддзяленне паштовай сувязі “Астромічы” прыйшла яна ў 2003 годзе на падмену водпуску аднаго з работнікаў, а засталася назаўсёды.“Я з дзяцінства з павагай і захапленнем ставілася да паштальёнаў. Яны прыносілі мне мае любімыя газеты “Зорка”, “Піянерская праўда” і здаваліся добрымі чараўнікамі”, - з усмешкай заўважыла Таццяна Уладзіміраўна, успамінаючы імгненні маленства.Спецыфіку прафесіі паштальёна асвоіла адразу. Таццяна выгадавалася ў атмасферы працы і добра разумела, што за любым поспехам стаіць карпатлівая работа. А таму, не шкадуючы часу і моцы, у любое надвор’е дастаўляла карэспандэнцыю адрасатам.На абслугоўванні Таццяны Астапук аграгарадок Астромічы і вёска Яромічы - каля 1,5 тысячы чалавек. Людзі розныя па ўзросце, характары і перавагах, але з аднолькавай патрэбай ва ўвазе. На апошнюю наша гераіня не скупіцца, разумее, што ў рабоце з людзьмі па-іншаму нельга. “Вясковы паштальён для людзей, асабліва пажылых і самотных, – своеасаблівы псіхолаг”, - адзначыла жанчына. На сваім участку яна ведае кожнага. З радасцю заўважае, што многія з яе кліентаў – людзі чытаючыя.Любіць чытаць і сама Таццяна, хоць прызнаецца, што зусім мала часу застаецца на любімы занятак. Вясковае жыццё з усімі яго клопатамі ў выглядзе хатняй жывёлы і вялікага агарода, які жанчына садзіць на ўчастку апусцелай бацькоўскай хаты ў вёсцы Яўсімавічы, а яшчэ любімыя ўнукі практычна цалкам паглынаюць яе вольны час.Людміла ДУБІНА.НА ЗДЫМКУ: Таццяна Астапук.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: