Вт, 15 октября 2024
Прогноз погоды

Светлы след Святланы Лучынскай

23/09/2022 Наши люди

17 верасня перастала біцца сэрца светлага, прамяністага чалавека Святланы Лучынскай.

Як навучыцца адносіцца да ўсяго па-філасофску, як навучыцца ўспрымаць смерць не як апошнюю кропку, а працяг жыцця ў другім вымярэнні, бо хіба можна паверыць, што такого чалавека не стала? Яе ведалі ў горадзе амаль усе.

Хто – як выдатнага участковага ўрача-педыятра філіяла «Дзіцячая бальніца» Кобрынскай ЦРБ, хто – як актыўнага ўдзельніка грамадскага жыцця – яна была членам Кобрынскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і ГА «Клуб дзелавых жанчын «Бона», спявала ў царкоўным хоры, хто – як прыхільніка здаровага ладу жыцця.

Наўрад ці Святлана Сяргееўна хацела б бачыць на тварах людзей пры развітанні з ёй слёзы. Не. Яна была не такая. Да апошніх сваіх дзён яна нават не падавала выгляду, што дрэнна сябе адчувае, верыла, што справіцца з хваробай і ўсё будзе добра.

Згадваецца адна з апошніх маіх сустрэч са Святланай Сяргееўнай. На адным з мерапрыемстваў яна расказвала падрастаючаму пакаленню на прыкладзе ўласнага жыцця, што ўсё ў руках чалавека: куды ён накіруе свой карабель, туды ён і паплыве. Яна сама доўга шукала сябе, і што медыцына яе прызванне, зразумела не адразу.

Святлана Сяргееўна – ураджэнка Гродзеншчыны. Сваю родную вёску Вераскава, што на Навагрудчыне, згадвала з асаблівай цеплынёй і любоўю. Яе актыўнасць праявілася яшчэ ў школе. Вучоба давалася лёгка. Яна паспявала і ўдзельнічаць у жыцці школы, і абараняць гонар роднай установы на раённых мерапрыемствах, і выдатна вучыцца, за што нават была ўзнагароджана пуцёўкай ва Усесаюзны піянерскі лагер «Артэк». Пасля заканчэння школы выдатніца і пераможца школьных алімпіяд Святлана магла пайсці вучыцца без экзаменаў у вышэйшую навучальную ўстанову на факультэт замежных моў, але тады яна марыла пра журналістыку, затым рамантычная натура змяніла планы і захацела пакарыць Маскву сваімі музычнымі і артыстычнымі здольнасцямі. Думка стаць урачом таксама была. Але Святлана сумнявалася ў сваіх ведах па хіміі, якую выкладаў у мясцовай школе не настаўнік-прадметнік. Дзяўчына рызыкнула і паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (цяпер – універсітэт), пра што ніколі не пашкадавала.

Святлана Сяргееўна была выдатным урачом-педыятрам. Ведаю гэта сама. Не раз звярталася да яе па дапамогу і парады, калі хварэлі дзеці. Акрамя таго, што як вопытны спецыяліст адразу магла паставіць правільны дыягназ і назначыць лячэнне дзіцяці, яна ўмела падтрымаць, супакоіць і ўсхваляваную маці. Пасля яе слоў, сапраўды, станавілася лягчэй, знікаў страх і паніка, прыходзіла ўпэўненасць, што ўсё будзе добра.

Яна любіла сваю работу. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак працягвала працаваць. «Не ўяўляю сябе без работы, свайго калектыву. Дзякуй, што мне далі магчымасць яшчэ папрацаваць», –дзялілася прыемнай навіной.

Калегі-медыкі цанілі Святлану Лучынскую і заўсёды выказвалі ёй свой давер.

Ведаю я Святлану Сяргееўну і як прыхільніка здаровага ладу жыцця. Яе хобі былі скандынаўская хада і лазня.

– Як пара, дзяўчаты? – заўсёды з добрым настроем і ветлівай усмешкай вітала яна ўсіх у лазні.

Расказвала нам цікавыя гісторыі, дзялілася карыснымі парадамі. А потым перастала радаваць сваёй прысутнасцю. Калі здарылася трагедыя, калегі ў тым ліку і па агульным захапленні прасілі сказаць у адрас Святланы Сяргееўны добрыя словы.

Мы заўсёды будзем згадваць Вас як светлага чалавека, у якога вучыліся пазітыву і аптымізму, любві да акаляючага свету. Дзякуй Вам, Святлана Лучынская, што Вы былі ў нашым жыцці.

Алена БАКУН

Фото: Маргарита Савчук

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу