Прогноз погоды
Сб, 10 января 2026

Старшыня Навасёлкаўскага сельсавета Валянцін Скакун: «Бягучы год быў прадуктыўным, і гэтыя дасягненні – наша агульная заслуга»

30/12/2025 Праздники Актуально Новый год Кобрин Сельсоветы ОМЕЛЬЯНЧУК Новоселковский сельсовет Год благоустройства

2025 год для Навасёлкаўскага сельсавета напоўнены дзейнасцю, накіраванай на добраўпарадкаванне населеных пунктаў і паляпшэнне якасці жыцця жыхароў. Было зраблена шмат важных і патрэбных спраў.

30 снежня, "Кобрынскі веснік"/ Асаблівая ўвага ў гэтым годзе надавалася дарогам і вулічнаму асвятленню. Знакавай падзеяй для вёскі Бельск стала асфальтаванне ўчастка дарогі працягласцю 2,3 км, што сапраўды павысіла ўзровень камфорту насельніцтва. Акрамя таго, завершана маштабная замена ўсіх вулічных ліхтароў на сучасныя энергазберагальныя, а на раней неасветленых участках усталявалі дадатковыя крыніцы асвятлення.

Цяпер вячэрнія вуліцы вёсак сталі значна святлей і бяспечней. Сіламі сельвыканкама на пастаяннай аснове выконваўся ямачны рамонт жвіровага пакрыцця на ўчастках дарог Ліпава – Забава, Маларыта – Альхоўкаі па зваротах грамадзян праводзілася прафіляванне дарог на ўсёй тэрыторыі сельсавета.

Важным складнікам працы мясцовых органаў улады застаецца дыялог з жыхарамі. У мінулым годзе было праведзена 18 суботнікаў і 31 сход грамадзян, дзе вырашаліся надзённыя пытанні. Па зваротах было пададзена і выканана 5 заявак па адлове бадзяжных жывёл у ДП «Кобрынская ЖКГ».

У аграгарадку Навасёлкі два зямельных участка агульнай плошчай 0,86 га былі прадастаўлены ў прыватную ўласнасць. Усяго ж 22 грамадзянам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі выдзелена 28,8 га зямлі. Па выніках маніторынгу на тэрыторыі сельсавета выяўлена 39 пустуючых дамоў, два з якіх, якія ўяўлялі небяспеку, былі знесены.

Нельга не адзначыць і прыемнае новаўвядзенне, якое ацанілі аматары анлайн-шопінгу – у аграгарадку Навасёлкі быў адкрыты пункт выдачы заказаў «Ozon», што зрабіла жыццё нашых жыхароў яшчэ больш сучасным і зручным.

Старшыня Навасёлкаўскага сельсавета Валянцін Скакун:

«Хачу шчыра павіншаваць землякоў з надыходзячымі святамі! Бягучы год быў прадуктыўным, і гэтыя дасягненні – наша агульная заслуга. Дзякуй кожнаму, хто не заставаўся ўбаку, удзельнічаў у мерапрыемствах, прыходзіў на сходы і ўносіў свае прапановы. Жадаю вам у Новым годзе моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і дабра. Няхай ён прынясе нам новыя сумесныя перамогі, а родны сельсавет працягвае развівацца і прыгажэць!».

Ірына АМЕЛЬЯНЧУК

Поделиться в соцсетях:


Популярные материалы за месяц

Последние новости