…Ярка зіхацелі зоркі на пагонах і медалі на парадных мундзірах афіцэраў Кобрынскага ваенкамата, якія ў мінулы аўторак сустракалі ў гарадскім Палацы культуры будучых абаронцаў Айчыны. Тут праводзілася ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню прызыўніка. Зусім хутка ўсе гэтыя юнакі таксама апрануць ваенную форму і прымуць прысягу, будуць абараняць Радзіму.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства прысутных сардэчна вітаў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Ён падкрэсліў важнасць і актуальнасць вайсковай службы ў Беларусі - дзяржава з’яўляецца своеасаблівым “акном” у Еўропу. Узважаная палітыка нашай краіны не мае на ўвазе адпраўку сваіх грамадзян у так званыя “гарачыя кропкі”. Валянцін Васільевіч пажадаў будучым салдатам моцнага здароўя, поспехаў, шчасця і ўпэўненасці ў сваіх сілах, каб адведзены тэрмін службы праляцеў хутка і з карысцю.
Ганаровае права зачытаць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было дадзена ваеннаму камісару Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята палкоўніку Валерыю Пракапюку.
…Нялёгкая доля выпала на лёс нашага народа ў саракавыя гады мінулага стагоддзя. Страшная крывавая вайна забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса. Добра помніцца час ветэрану Вялікай Айчыннай вайны маёру ў адстаўцы Мікалаю Грыневічу, які вось ужо некалькі гадоў запар звяртаецца да моладзі з бацькоўскім наказам на Дні прызыўніка. Ветэран пажадаў юнакам з годнасцю адслужыць у арміі, каб родныя ганарыліся сваімі нашчадкамі.
Далучыліся да віншаванняў маці прызыўніка Таццяна Травіна, а таксама настаяцель Свята-Лукінскага храма свяшчэннік Уладзімір Мацкевіч. А пасля самадзейныя артысты Кобрыншчыны падарылі прысутным свае лепшыя эстрадныя песні і харэаграфічныя нумары.
Начальнік аддзела прызыву на тэрміновую ваенную службу Кобрынскага РВК маёр Максім Хвірысюк запрасіў прызыўнікоў у фае для ўрачыстага ўручэння павестак. Зусім як у арміі, яны выстраіліся ў доўгія калоны.
Як адзначыў Максім Хвірысюк, сёлетняя прызыўная кампанія прайшла на належным арганізацыйным узроўні. Істотнага пагаршэння здароўя прызыўнікоў у параўнанні з мінулымі гадамі зафіксавана не было. У бліжэйшчы час будзе накіравана ў розныя воінскія фарміраванні прыкладна 120 чалавек. У першую чаргу каманды прызыўнікоў паступяць на тэрміновую службу ў элітныя войскі – Мінскую ваенную камендатуру (рота ганаровай варты), спецназ, ПДВ, МУС, Камітэт пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь і г.д.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Валерый Пракапюк у час цырымоніі ўручэння павестак прызыўнікам.
Поделиться в соцсетях: