Прогноз погоды
Вт, 01 июля 2025

Слушныя меркаванні ветэрана

27/10/2009

    Праскочыць на чырвонае святло святлафора. Перавысіць хуткасны рэжым. Не прапусціць пешахода. Колькі разоў на дзень мы сутыкаемся з падобнай нядбайнасцю з боку вадзіцеляў? Між тым кожная з іх можа калі-небудзь абярнуцца трагедыяй.

    Наш сённяшні госць Сцяпан Курышка правёў “за абаранкам” практычна ўсё жыццё. Ён упэўнены: галоўныя рысы, якія павінен мець сапраўдны вадзіцель, – адказнасць і вопыт. А яшчэ – дасканалае веданне аўтамабіля.

    - На Кобрынскую аўтабазу №9 (так тады называўся аўтапарк №16) я ўладкаваўся адразу пасля армейскай службы, - успамінае Сцяпан Васільевіч. – Спачатку працаваў аўтаслесарам, акумулятаршчыкам, рамантаваў паліўную апаратуру. А потым, калі пачала паступаць тэхніка, перавёўся вадзіцелем на “ЗІЛ” – на якім і асвойваў першыя азы безаварыйнай работы.

    А заключалася гэтая работа ў пастаяннай вучобе – на прыкладах больш вопытных калег. І сёння Сцяпан Васільевіч упэўнены – не трэба саромецца таго, што нехта ездзіць лепш за цябе. Не трэба думаць, што асвоіш усё сам – і тым больш, ні ў якім разе нельга спадзявацца наўдалую.

    - Вадзіцель на прадпрыемстве заўсёды быў, што называецца, у цэнтры ўвагі, - расказвае Сцяпан Курышка. – Кантроль кіраўніцтва, інжынераў па тэхніцы бяспекі, механікаў па выпуску на лінію – не гаворачы ўжо пра медыкаў, заўсёды прымушаў адчуваць адказнасць і выхоўваў дысцыпліну. Строга? Так. Але і я, і, думаю, многія іншыя, хто прайшоў такую школу ў аўтапарку, засталіся за гэта ўдзячныя. Цікавы факт – тых, хто выходзіў на заслужаны адпачынак, заўсёды ахвотна бралі на работу іншыя арганізацыі – я сам, дарэчы, ужо на пенсіі, 5 гадоў адпрацаваў вадзіцелем у бальніцы.Сёння Сцяпан Васільевіч з горыччу адзначае, што, нягледзячы на велізарную колькасць асабістага аўтатранспарту, дысцыпліна многіх вадзіцеляў на дарогах пакідае жадаць лепшага. Як вынік – дарожна-транспартныя здарэнні, якіх можна было б пазбегнуць.

    - Ведаеце, часам нават горка глядзець, - дзеліцца сваімі думкамі Сцяпан Васільевіч. – Узровень жыцця павышаецца, людзі атрымліваюць магчымасць купляць сабе і дарыць сваім блізкім дарагія падарункі – у тым ліку аўта- і мотатранспарт… А пра тое, каб на першапачатковым этапе набыць шафёрскі вопыт, забываюць. Між тым, авалодаць майстэрствам кіравання аўтамабілем – гэта не значыць проста вывучыць, дзе знаходзіцца педаль газу ці тормазу, трэба яшчэ ўмець паводзіць сябе на дарозе – а гэта прыходзіць толькі з часам. На жаль, многія маладыя хлопцы і дзяўчаты, атрымаўшы доўгачаканы аўтамабіль, думаюць толькі аб адным – як бы пахваліцца перад усімі сваім майстэрствам, забываючы пра тое, што паездка “з ветрыкам” без належнага вопыту можа скончыцца і ў бальніцы. Гэта – не ў самым горшым выпадку…

    Заўсёды памятае пра асцярожнасць і сам Сцяпан Васільевіч – нават зараз, у свае гады ён пастаянна ездзіць на ўласным “Масквічы” па розных патрэбах. А ўсім калегам напярэдадні прафесійнага свята жадае, каб у любой дарозе і пры любым настроі “за абаранкам” яны ніколі не забывалі прапіснога правіла – любога вадзіцеля чакаюць не толькі ў канцы маршруту, але і дома.

    Дзмітрый БЯЛОЎ. Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: