Больш за дванаццаць гадоў вядучы спецыяліст сектара крэдытавання насельніцтва філіяла №113 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Валянціна Суботка працуе ў фінансавай сферы Кобрыншчыны. Палову гэтага значнага адрэзка часу яна прысвяціла грамадскай дзейнасці. Дзяўчына з’яўляецца сакратаром самай масавай пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” сярод працоўнай моладзі на Кобрыншчыне. Нядаўна была ўзнагароджана граматай Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ”. Сёлета Валянціна ўпершыню ў сваім жыцці стала дэлегатам 41-га з’езда ГА «БРСМ». Аб тым, з якім настроем і думкамі паедзе ў сталіцу, яна распавядае карэспандэнту “КВ”.
- У нашай “пярвічцы” трыццаць дзевяць чалавек. Калектыў дружны і актыўны. Многія з юнакоў і дзяўчат займаюцца фізічнай культурай і спортам, удзельнічаюць у раённых турыстычных злётах. Пры дапамозе адміністрацыі філіяла №113 ААТ “ААБ “Беларусбанк”, прафсаюзнага камітэта, Беларускага саюза жанчын і ГА “Белая Русь” рэгулярна арганізоўваем шэраг дабрачынных акцый – “Дапаможам дзецям-інвалідам”, “Бібліятэкам – новыя кнігі” і інш.
Для мяне вялікі гонар быць выбранай дэлегатам такога аўтарытэтнага форуму і прадстаўляць на ім Кобрыншчыну. Асабіста для мяне, як фінансавага работніка, перш за ўсё будзе цікава пачуць інфармацыю на з’ездзе, якая тычыцца далейшага развіцця эканомікі краіны, і ў прыватнасці, аб асаблівасцях крэдытавання жылля для маладых сем’яў. Таксама важна “з першых вуснаў” даведацца аб тым, як развіваецца маладзёжны саюз у нашай краіне ў цэлым, якія планы будуць ставіцца перад актывам на бліжэйшыя чатыры гады, абмяняцца вопытам работы са сваімі калегамі. Мяркую, што ўдзел у рэспубліканскім мерапрыемстве дасць новы імпульс у штодзённай працы.
Запісаў Раман Мельнік.
Фота аўтара.
На здымку: Валянціна Суботка.
Поделиться в соцсетях: